ЦЫКЛІЧНАЯ ЗДРАДA

У гандлі беларускім суверэнітэтам можна заўважыць пэўную цыклічнасць, звязаную з прэзідэнтскімі “выбарамі”.

Крамлёўскі пакупнік звычайна актывізуецца ў апошні год перад імі, бо лічыць, што падчас “выбараў” беларускі “перасідэнт” робіцца найбольш уразлівым. Пачынаецца інфармацыйны і фінансавы ціск на прадаўца. Той уступае ў гандаль і пачынае нахвальваць тавар, клясціся, што нікому і ніколі яго не прадасць.

Акрамя падвышэння цаны незалежнасці, тыя клятвы маюць на мэце яшчэ і супакоіць патрыятычную частку грамадства. Каб яна не паднялася і не сапсавала звыклую хаду “выбарчага” рытуала. Бо за дэмакратыю беларусы пакуль былі не вельмі гатовыя рызыкаваць. А за незалежнасць могуць і камянём, калі не болей. Даказана.

Напружанне расце амаль да пачатку галасавання. І тады на першае месца для прадаўца пачынае выходзіць лаяльнасць “сілавікоў”, іх гатоўнасць бараніць яго ад удзячнага народа.

Праблема ў тым, што легітымнасць і ўстойлівасць улады “перасідэнта” ў вачах “праваахоўнікаў” залежыць ад яго падтрымкі Масквой. Менавіта такіх ён сам адбіраў і такімі выхоўваў.

Таму тыдні за паўтары да асноўнага дня галасавання “перасідэнт” едзе ў Маскву здавацца. Там, па мясцоваму звычаю, яму ў адказ літасціва даюць ярлык на чарговыя 5 гадоў праўлення. Дэталі здрады робяцца вядомымі пазней. Але “сілавікам” сігналаў з Крамля дастаткова, каб звыкла пусціць у ход дубінкі супраць незадаволеных ‘выбарамі” без выбару.

Невядома, ці паўторыцца гэты цыкл здрады зараз. Ці не адбудзецца продаж раней. З аднаго боку, мала што ўжо засталося прадаваць. Яшчэ крыху, і ад беларускага суверэнітэту застануцца толькі былыя савецкія герб і гімн.

Але, з другога боку, Крамлю як ніколі раней патрэбен суверэнітэт Беларусі цалкам.

У любым выпадку, патрыёты павінны быць напагатове. Нікога не павінны супакойваць клятвы прафесійнага гандляра суверэнітэтам у адданасці нашай незалежнасці.

Ніхто апроч нас не абароніць Беларусь. Вельмі небяспечна проста чакаць вынікаў гандлю нашай краінай да завяршэння “выбараў”. Цыкл здрады будзем перарываць раней.

Мікалай Статкевіч          04 снежня 2019 года