«Кандыдаты пратэсту» правялі прэс-канферэнцыю перад ЦВК. «Белсат» ладзіў стрым

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, якім Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, правялі сёння прэсавую канферэнцыю ля будынку ЦВК. «Белсат» ладзіў стрым.

Мікалай Статкевіч заявіў журналістам, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў «кандыдатаў пратэсту» – гэта парушэнне закону. Рашэнне ЦВК, паводле палітыка, паказвае, што ўлады «баяцца пратэсту».

Статкевіч адзначыў, што з 27 «кандыдатаў пратэсту» 9 сёння ЦВК не зарэгістраваў. Але за некалькі гадзінаў з «жалезных» людзей была сфармаваная група са 170 чалавек – яны складуць ініцыятыўныя групы яшчэ трох «кандыдатаў пратэсту» . Статкевіч прызнае, што і астатніх патэнцыйных кандыдатаў могуць не зарэгістраваць. Ён упэўнены, што ягоную ініцыятыўную групу дакладна не зарэгіструюць.

Аднак палітык сцвярджае, што нават у гэтых умовах застаецца маса магчымасцяў працягнуць стратэгію выкарыстання выбарчай кампаніі для арганізацыі пратэстаў. Дэталі свайго плана Статкевіч пакуль распавядаць адмовіўся.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч, якая таксама падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, адзначыла, што супраць «кандыдатаў пратэсту» будуць выкарыстоўваць «любыя спосабы». Напрыклад, яна не выключае, што іх абʼявяць «кантактам першага ўзроўню па COVID-19», каб ізаляваць.

***

Нагадаем, сёння ЦВК адмовіў у рэгістрацыі блогеру Сяргею Ціханоўскаму і шэрагу ініцыятыўных групаў так званых «кандыдатаў пратэстаў» – то бок кандыдатаў, якія вылучаюцца ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча. Стратэгія Статкевіча прадугледжвае выкарыстанне выбарчай кампаніі для арганізацыі акцыяў пратэсту.

Сам Статкевіч з паплечнікамі ўчора занёс дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў у ЦВК.

Белсат