НАСТУПНЫЯ ПАКАЛЕННІ НЕ ДАРУЮЦЬ НАМ БЯЗДЗЕЙНАСЦІ

Прэзідэнт Пуцін мяняе фармат улады, каб захаваць свой уплыў на Расію ў доўгатэрміновай перспектыве. Дагэтуль невядома, які шлях для гэтага ён абярэ. Але відавочна, што яму спатрэбіцца зноў забяспечыць сябе падтрымку большасці расійскага грамадства, мінімум, на чатыры-пяць гадоў.

Абяцаныя простым расіянам эканамічныя пернікі паўторна вырашаць задачу росту падтрымкі толькі на кароткі перыяд. Іх хопіць на паспяховы рэферэндум па зменам у канстытуцыю і для абрання лаяльнага парламента. Гэта ўсё неабходныя, але недастатковыя ўмовы захавання кантролю Пуціна над Расіяй. Тым болей, што пернікаў, звычайна, надоўга для ўсіх не хапае.

Забяспечыць больш доўгатэрміновую падтрымку расійскага грамадтва шматгадоваму кіраўніку краіны магчыма толькі правераным шляхам – на глебе эйфарыі ад чарговага бескроўнага тэрытарыяльнага пашырэння дзяржавы.

Лукашэнка зрабіў усё, каб галоўным прэтэндэнтам на ролю далучаемай да Расіі тэрыторыі стала Беларусь. Яго рэжым не можа існаваць без масіраванай расійскай падтрымкі ні эканамічна, ні нават ідэялагічна. Дыктатура Лукашэнкі – гэта прадукт цалкам расійскай вытворчасці, які, не зважаючы на ўсе сваркі паміж Масквой і Мінскам, захоўваецца выключна дзякуючы Расіі.

Значную частку расійскага грамадства ўжо пераканалі, што жыхары нашай краіны толькі і мараць пра той час, калі Расія далучыць іх да сябе і вызваліць ад Лукашэнкі. Беларусы ўжо чуюць нават ад жыхароў расійскіх мегаполісаў: “Потерпите – мы вас скоро освободим и примем к себе”. І шчыра здзіўляюцца, пачуўшы ў адказ: “Не надо!”

Пагроза нашай незалежнасці ад рэформаў расійскай улады толькі нарастае і робіцца больш працяглай па часе. Спыніць анэксію можа толькі кансалідаваная на абарону краіны нацыя.

Лукашэнка не хоча і не можа кансалідаваць беларускае грамадства дзеля захавання незалежнасці.
Не хоча, бо баіцца кансалідаванай нацыі. Баіцца застацца сам-насам з ёй без расійскай падтрымкі.
Не можа, бо ступень нянавісці да яго большасці беларусаў такая, што ён толькі дыскрэдытуе сваёй публічнай падтрымкай любую папулярную ідэю.

Яму зараз застаецца толькі змагацца супраць забароны Пуціна на яго ўдзел у прэзідэнтскіх “выбарах”. Бо той выдатна ведае рэальны рэйтынг Лукашэнкі і не хоча звязваць лёс “паглыбленай інтэграцыі” з ненавідзімым беларускім народам дыктатарам.

Лукашэнка рвецца зноў перапрызначыць сябе “прэзідэнтам” ужо не дзеля абароны незалежнасці ці нават сваёй поўнай улады над нашай краінай. Бо пры скарачэнні расійскіх датацый і катэгарычным адрынанні рэформ рэсурсу рэжыма хопіць толькі гады на паўтары, максімум.

Лукашэнка зараз змагаецца за права самому гандляваць нашай незалежнасцю. За права ўласнаручна прадаць нашу краіну з выгадай ды гарантыямі для сябе і сваёй сям’і.

Каб уратаваць незалежнасць Беларусі, трэба вызваліць яе ад створанай і існуючай на расійскія грошы дыктатуры. Мы выжылі, як нацыя, толькі дзякуючы змаганню і ахвярам мінулых пакаленняў.  Наступныя пакаленні беларусаў не даруюць нам бездзейнасці.

Жыве Беларусь!

Мікалай Статкевіч                                                  26 студзеня 2020 года

На здымку: Слуцкі збройны чын