Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты, лекарка Алена Давыдава заяўляе пра «каранавірусны ціск» на яе

Бактэрыёляг, фэльчарка хуткай дапамогі Алена Давыдава, якая падала ў ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, заяўляе пра «каранавірусны ціск» на яе. Жыхарку Гомля пасьля здачы дакумэнтаў цэлы дзень 15 траўня па чарзе наведваюць мэдыкі і міліцыя.

14 траўня Алена Давыдава зь перашкодамі і прыгодамі дабіралася да Менску, каб пасьпець падаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

Дахаты ў Гомель Алена Давыдава вярнулася каля гадзіны ночы.

«Тут жа пачалі грукаць у вакно і сьвяціць ліхтарыкам. „Хуліган“ прадставіўся ўчастковым міліцыянтам. Муж перадаў яму, што а гадзіне ночы я ні з кім не зьбіраюся размаўляць. Ужо ў 6.30 раніцы мяне разбудзілі. Яны прадставіліся лекарамі з паліклінікі і запатрабавалі ўзяць мазок на каранавірус. Я і ня ведала, што ў нас паліклінікі ад шостай раніцы працуюць. Зь імі быў міліцыянт, які спрабаваў мяне здымаць на тэлефон, я яму гэта забараніла. Здала мазок», — сказала Свабодзе патэнцыйная кандыдатка.

Ад яе патрабавалі падпісаць дакумэнт аб самаізаляцыі, але Алена адмовілася.

«У нас няма карантыну, ён не абвешчаны, значыць, каранавірус ня лічыцца небясьпечнай інфэкцыяй. Таму самаізаляцыя — гэта маё жаданьне ці нежаданьне прымаць такія ўмовы. Я іх не прыняла», — патлумачыла жыхарка Гомля.

Пазьней ёй патэлефанавала інфэкцыяністка з паліклінікі і патрабавала, каб Алена прайшла мэдычны агляд.

«Потым прыйшла міліцыя — правяраць, ці дома я, і нахабна здымалі мяне на тэлефон і відэарэгістратар. Я ім забараняла, але рэакцыі не было, ніякай. Потым прыйшлі лекары з паліклінікі — каб агледзець мяне. Я адмовілася. Каранавірус у нас пацьвярджаецца толькі лябараторна, а ацаніць свой стан і стан сваіх блізкіх я, як лекар з вышэйшай адукацыяй, магу сама», — кажа Алена Давыдава.

Паводле яе словаў, да яе яшчэ некалькі разоў цягам дня прыяжджала міліцыя.

«Потым мне пачалі пісаць сябры, што ў Telegram-каналах пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што ў мяне два станоўчыя тэсты на каранавірус! Я патэлефанавала свайму кіраўніцтву — можа, я нечага ня ведаю? Але яны таксама нічога ня ведалі», — кажа жыхарка Гомля.

А 7-й вечара ёй патэлефанавалі з паліклінікі і паведамілі, што яе тэст на каранавірус даў станоўчы вынік.

«Як можна было так хутка зрабіць аналіз? Пры такой неверагоднай загружанасьці лябараторый? Мы на хуткай здавалі ўжо тэсты. Я чакала выніку тры тыдні! Тут проста шах і мат — мяне абвясьцілі „заразнай“, і ўсе мае паплечнікі і сябры стануць кантактамі першага ўзроўню», — абураецца патэнцыйная кандыдатка.

Вечарам, пасьля сёмай гадзіны, па словах Алены, яе зноў наведалі з паліклінікі з прапановай правесьці агляд. Яна адмовілася.

«На падстанцыі, дзе я працую, было падазрэньне на каранавірус каля месяца таму. Хто здаў тэст, хто ня здаў — нікога не вылоўлівалі, не шукалі, не вартавалі, як мяне», — дадала Алена.

Яна будзе пісаць заяву ў міліцыю, каб прыцягнуць да адказнасьці тых, хто распаўсюджвае пра яе непраўдзівыя зьвесткі і разгалошвае мэдычную таямніцу.

Радыё Свабода