“Рэжым Лукашэнкі – галоўная пагроза існаванню Беларусі”. Заява Рады БНК

“Мы выкарыстаем усе магчымасці, у тым ліку палітычныя кампаніі рэжыма, каб кансалідаваць грамадства вакол перамен і ўратавання нашай краіны”, – 1-га чэрвеня ў Мінску адбылася чарговая Рада БНК.

Рада абмеркавала бліжэйшыя задачы БНК у святле сітуацыі ў краіне і прыняла шэраг дакументаў.

Ніжэй прыводзім тэкст Заявы Рады:

 

РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКІ – ГАЛОЎНАЯ ПАГРОЗА ІСНАВАННЮ БЕЛАРУСІ

Заява Рады БНК

Правячы рэжым ніколі не ставіў і не ставіць мэтай пабудову сапраўды незалежнай, эканамічна самадастатковай дзяржавы. Нават ушчыльную сутыкнуўшыся з даўно прадказальным намерам Крамля інкарпараваць нашу краіну, Лукашэнка нічога не робіць для рэальнага ўмацавання яе незалежнасці.

Замест рэальных эканамічных рэформ захоўваецца архаічная сістэма ручнога кіравання ўсімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі з аднаго цэнтру, якая вядзе да ўбыткаў і страты іх канкурэнтаздольнасці. Малы і сярэдні бізнес душацца. Правы працоўных груба парушаюцца, людзі вымушаны масава з\’язжаць працаваць за мяжу. Залежныя ад рэжыма суды і пастаянныя парушэнні правоў уласнасці спыняюць інвестыцыі.

Штучная “эканоміка” Лукашэнкі не здольная існаваць без значных расійскіх датацый. Пры іх змяньшэнні ён проста перакладае цяжар эканамічных праблем на народ, прыдумляючы ўсё новыя віды неверагодных падаткаў ды штрафаў. У выніку нянавісць людзей да дыктатара ўжо зашкальвае.

Замест дыялога і кансалідацыі грамадства пачалася новая хваля палітычных рэпрэсій, звязаная з плануемымі “выбарчымі” кампаніямі, якія рэжым у чарговы раз хоча правесці па ўсім абрыдламу сцэнарыю фарса.

Замест умацавання і пашырэння нацыянальнай самасвядомасці працягваюцца русіфікацыя, пераслед патрыётаў і патрыятычных СМІ ды дамінаванне маскоўскай прапаганды.

Відавочна, што адзіная мэта кіраўніка рэжыма – захаванне сваёй ролі прывілеяванага васала Масквы і дастатковага ўзроўню расійскіх датацый. Нават шляхам чарговых саступак суверэнітэта краіны.

Але рашучасць Масквы атрымаць за 25 год захавання Лукашэнкі ва ўладзе поўны кантроль над Беларуссю, як ніколі вялікая.

Існаванне нашай дзяржавы пад пагрозай. Галоўная прычына гэтай пагрозы – сам Лукашэнка, які стварыў яе сваімі папярэднімі доўгатэрміновымі дзеяннямі. Рэалізуемы Масквой сцэнар паглынання Беларусі праз так званую “Саюзную дзяржаву” быў бы немагчымым пры любым дэмакратычна абраным кіраўніку краіны, не абцяжараным абавязацельствамі перад Крамлём.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса заклікае ўсіх грамадзянаў быць гатовымі да абароны незалежнасці любымі мажлівымі сродкамі. Мы заклікаем да аб\’яднання вакол БНК, як адзінай дзеяздольнай патрыятычнай сілы.

Мы выкарыстаем усе магчымасці, у тым ліку палітычныя кампаніі рэжыма, каб кансалідаваць грамадства вакол перамен і ўратавання нашай краіны.
Мірнае вяртанне да дэмакратыі ў нашай краіне магчыма толькі ў выніку масавых і працяглых вулічных пратэстаў.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

г. Мінск 1 чэрвеня 2019 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *