Статкевіч: Лукашэнка свядома выбраў стратэгію хуткага заражэння краіны

У Беларусі сітуацыя з COVID-19 рэзка пагоршылася. Нягледзячы, што СААЗ падчас знаходжання ў Беларусі рэкамендавала прыняць больш жорсткія меры сацыяльнага дыстанцыянавання, увесці каранцін, адмовіцца ад масавых мерапрыемстваў, Беларусь да гэтага не прыслухалася і працягвае рыхтавацца да параду 9 траўня.

Пра гэта мы пагаворым з „Госцем Рацыі” – палітыкам, падпалкоўнікам у адстаўцы Мікалаем Статкевічам.

РР: Як Вы ацэньваеце, як кадравы афіцэр, тое, што зараз адбываецца масавая падрыхтоўка да 9 траўня і сам парад.

Мікалай Статкевіч: Я думаю, што гэта вельмі недарэчнае мерапрыемства ў такіх умовах, якія зараз склаліся ў краіне. І тым больш у тых, якія складуцца праз некалькі тыдняў. Калі нават міністр аховы здароўя Беларусі сцявярджае, што якраз у гэты час будзе пік эпідэміі ў Беларусі, але мабыць ён занадта вялікі аптыміст. Калі нават ён мае рацыю, то ўяўляеце, наколькі пашырыцца каронавірус. Я думаю, што існуе вялікая імавернасць заражэнняў тых салдат і афіцэраў, якія будуць у адным шыхце вельмі шчыльна хадзіць. Трэніроўкі, па-першае. Вы ўяўляеце, што іх ужо некалькі дзён ганяюць. Людзям цяжка, яны цяжка дыхаюць, адзін ад другога на невялікай адлегласці знаходзяцца. Гэта ідэальныя ўмовы для заражэння. А тут трэба ўявіць і тое, што гэта ўсё панясецца ў сем’і.

Ствараецца сітуацыя для масавага заражэння войска. Нават тыя, хто не ўдзельнічае ў парадзе, будуць кантактаваць з тымі, хто гэты вірус з трэніровак прынясе. Ужо зараз ідзе заражэнне. Гаворка не ідзе пра канкрэтна 9 траўня. Праблема ўжо зараз існуе, але яна будзе толькі нарастаць. Бо Лукашэнка свядома выбраў такую стратэгію хуткага заражэння краіны. Спадзеючыся, што ўсе хутка перахварэюць, і ён нейкія грошы зэканоміць. А ўлічваючы тое, што ён увесь час людзям расказваў, што баяцца гэтага не трэба, а вераць яму пенсіянеры, ягоны электарат, то ён вырашае яшчэ і другую задачу – атрымоўваецца заражэнне пенсіянераў. Шмат хто з іх не перажыве эпідэмію. І вось сыходзячы з гэтай стратэгіі атрымоўваецца, што пацерпіць і войска.

РР: Чаму Лукашэнка так упарта трымаецца за парад 9 траўня?

Мікалай Статкевіч: Гэта спроба прысябечыць гэтую перамогу. Гэта спроба паказаць грамадству сябе моцным лідарам, яшчэ ў такой вайсковай форме, якую ён лічыць чамусьці прыгожай, вайсковым лідарам, які пераймае традыцыі перамогі ў ІІ Сусветнай вайне. Бо траўмы беларусаў у гэтай вайне яшчэ жывыя. І ён хоча гэтым скарыстацца, асабліва на тле так званых прэзідэнцкіх выбараў. Заўсёды ён падгадвае электаральныя кампаніі пад вялікія даты той вайны. Нягледзячы на тое, што ён некалі вельмі хваліў Гітлера, ён усё роўна хоча скарыстацца перамогай. І для яго гэта магчымасць, мабыць, ужо цяпер адзіным у свеце, выступіць прысваяльнікам той перамогі, якая адбылася 75 год таму. Тым больш галоўны, хто лічыўся пераймальнікам, Пуцін – ён усё ж такі павёў сябе адэкватна ў гэтай сітуацыі і адмовіўся ад парада, перанёс яго. А Лукашэнка забярэ ўсю гэтую славу, як ён лічыць, сабе. І яму дзеля гэтага не шкада ні здароўя, ні жыццяў тых людзей, якія будуць ісці ў шыхтах, якія будуць стаяць там, махаць сцяжкамі.

Беларускае Радыё Рацыя