Статкевіч: «ЗША нельга губляць неацэнны скарб маральнага лідэрства»

Мікалай Статкевіч, лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010, адказаў на пытанні “Радые Свабода” пра візіт дарадцы прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана:

  1. як ён ацэньвае гэты візыт
  2. што хацеў б сказаць спадару Болтану пры сустрэчы.

1. Калі разважаць з гледзішча агульнадзяржаўных інтарэсаў, гэта плюс, бо ЗША паказваюць зацікаўленасьць у незалежнасьці Беларусі. Гэта невялікая, чыста сымбалічная дапамога і ўвага, бо мы разумеем, што сымбалічныя крокі не абароняць нас ад спробаў анэксіі.

Трэба ўвесь час памятаць, што галоўная прычына гэтай пагрозы, галоўная пагроза незалежнасьці — гэта той самы Лукашэнка, зь якім сустракаецца спадар Болтан. Бо ён ніколі нічога не рабіў і ня робіць для ўмацаваньня незалежнасьці, умацаваньня краіны, яе самастойнасьці. Для яго важная толькі свая асабістая ўлада.

Але нават не зважаючы на гэта, гэта станоўчы крок, які паказвае, што ЗША зразумелі важнасьць беларускай незалежнасьці.

2. Я сказаў бы, што ЗША доўгія дзесяцігодзьдзі былі сымбалем свабоды ў сьвеце. Яны былі лідэрамі барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Гэта важная ідэалёгія, якая прыцягвала да іх сымпатыі мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце. Калі пачынаць гуляць з дыктатарамі, не зважаць на правы чалавека, на свабоду і дэмакратыю ў іншых краінах, то можна страціць гэты статус. І ператварыцца проста яшчэ ў адну вялікую краіну, якая змагаецца за рынкі і геапалітычны ўплыў. І чым тады для беларусаў ЗША будуць адрозьнівацца ад Кітаю? Я думаю, нельга губляць гэты неацэнны скарб маральнага лідэрства.