У Менску затрымалі Міколу Статкевіча. ВІДЭА

31 траўня раніцай на вуліцы Маякоўскага ў Менску людзі ў цывільным на мікрааўтобусе заблякавалі машыну жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч, выцягнулі з машыны яе мужа і павезьлі ў невядомым кірунку.

Пазьней у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч утрымліваецца ў іх «да суду». Пры гэтым у РУУС дагэтуль «ня ведаюць», дзе ён.

«Мы ехалі з дому ў Лошыце на Камароўку (там адбываюцца пікету ў падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі. — РС). На вуліцы Маякоўскага, парушашючы ўсе правілы дарожнага руху, мікрааўтобус перагарадзіў нам дарогу, прымусіў спыніцца. Людзі ў цывільным вырвалі з машыны ключ запальваньня, выцягнулі Міколу і павезьлі ў невядомым кірунку», — распавяла Свабодзе Марына Адамовіч.

На 31 траўня ў розных гарадах Беларусі на 12:00 анансавалі пікеты па збору подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі.