Вернем сапраўдны сэнс нашым святам!

Віншаванне Рады БНК

3 ліпеня 1944 года Савецкая Армія вызваліла Мінск ад гітлераўцаў. Дзесяцігоддзямі наш народ адзначаў гэтую дату, як Свята вызвалення ўсёй Беларусі ад гітлераўскай акупацыі. Як дзень, калі завершыліся 3 гады няспыннага жаху, забойстваў, гвалту і рабаўніцтва, пад пагрозай якіх пастаянна знаходзіўся кожны мірны жыхар нашай зямлі.

Але ў 1995 годзе нядаўна абраны першы прэзідэнт Беларусі раптам публічна выказаў свае сімпатыі да Гітлера. А ў наступным годзе ён праз сфальсіфікаваны рэферэндум адмяніў Свята вызвалення, прызначыўшы на яго дату “дзень незалежнасці.” Хоць кожны адукаваны чалавек ведае, што Беларусь набыла незалежнасць толькі праз 47 гадоў – 25 жніўня 1991 года.

Гэтай падменай нас пазбавілі адразу двух вельмі важных святаў. Вярнуць іх – наш абавязак як перад савецкімі воінамі, загінуўшымі пры вызваленні Беларусі, так і перад патрыётамі нашай краіны, якія склалі свае жыцці ў барацьбе за яе незалежнасць у розныя часы нашай гісторыі.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса віншуе ўсіх грамадзян краіны са Святам вызвалення 3 ліпеня!
Мы заклікаем прыйсці ў гэты дзень з кветкамі да магіл загінулых воінаў, каб ушанаваць памяць тых, хто ахвяраваў сваімі жыццямі дзеля ўратавання нашага народа ад гітлераўскай навалы.

Жыве Беларусь!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *