Актуальна

10 важных зьменаў у жыцьці беларусаў з 1 студзеня

Будзем жыць у Эўразійскім эканамічным саюзе

Дамова аб стварэньні ЭАЭС, якую падпісалі 29 траўня 2014 году ў Астане, пачне функцыянаваць з 1 студзеня 2015 году. У склад саюзу ўвойдуць Расея, Казахстан, Беларусь і Армэнія, а ў пэрспэктыве — Кіргізстан.

Да старту ЭАЭС Беларусь і Расея падышлі ў напружаных адносінах. У апошнія месяцы 2014 году Расея ўвяла забарону на некаторыя прадукты харчаваньня зь Беларусі, а Беларусь у адказ выставіла памежныя і мытныя пасты на беларуска-расейскай мяжы і пачала ствараць перашкоды транзыту расейскіх тавараў праз сваю тэрыторыю. Да канца году гандлёва-транзытная вайна фактычна скончылася, але 29 сьнежня Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў, ня выключыў, што падобныя крызісы могуць паўтарацца і ў будучыні. Паводле ягоных словаў, прычына «гандлёвых войнаў» — сутыкненьне інтарэсаў беларускіх вытворцаў ды іхніх расейскіх канкурэнтаў:

«Яны ня могуць з намі канкураваць ні па якасьці, ні па цане, ні па нашай арганізаванасьці. Таму ўжываюць такія адміністрацыйныя, часам бандыцкія мэтады». 

Пачынае дзейнічаць «прыгонны» дэкрэт Лукашэнкі

Дэкрэт № 5, які сам Лукашэнка раней называў «прыгонным правам», прадугледжвае пашырэньне правоў і ўзмацненьне адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Кіраўнікі арганізацыяў атрымаюць права зьмяняць істотныя ўмовы працы работніка, папярэдзіўшы яго ня менш як за 7 каляндарных дзён (цяпер за 30 дзён), а таксама пазбаўляць работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, прэміі на тэрмін да 12 месяцаў. Дэкрэт дае дадатковыя падставы для звальненьня, узмацняе адказнасьць за нанясеньне наймальніку матэрыяльнай шкоды і пашырае правы на яе спагнаньне ў пазасудовым парадку.

Дэкрэт уводзіць забароны і абмежаваньні пры прызначэньні на кіроўныя пасады асобаў, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах на працягу пяці гадоў з дня такога звальненьня.

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў лічаць, што гэты дэкрэт робіць беларускіх працаўнікоў яшчэ больш бяспраўнымі і супярэчыць абавязаньням Беларусі ў рамках Міжнароднай арганізацыі працы.

 

Падаходны падатак павышаюць з 12% да 13%

Папраўкі ў Падатковы кодэкс былі ўнесеныя ў сьнежні.

Улады кажуць, што дадатковыя сродкі пойдуць на падтрымку сем’яў зь дзецьмі. Ідэю павысіць падаходны падатак упершыню агучыў у жніўні 2014 году Аляксандар Лукашэнка ў сувязі з запускам праекту «Вялікая сям’я» па падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.

«Не разумею, хто тут можа абурацца: гэта ж для твайго дзіцяці! Але калі ў цябе адзін — прабач. Хто хоча штосьці ад гэтага адсотка атрымаць, хай траіх нараджае», — заявіў тады прэзыдэнт Лукашэнка.

Праўда, нават пасьля нараджэньня трэцяга дзіцяці давядзецца пачакаць, каб атрымаць сваю долю ад гэтага адсотка. Сэнс праекту «Вялікая сям’я» — у тым, што пры нараджэньні трэцяга дзіцяці маці адкрываюць дэпазыт у «Беларусбанку» на суму 10 000 даляраў, але гэтыя грошы можна будзе скарыстаць толькі пасьля таго, як дзіця дасягне 18-гадовага ўзросту, і толькі па мэтавым прызначэньні (паляпшэньне жыльлёвых умоў, атрыманьне дзіцем адукацыі і г.д.). Такім чынам, дадатковы адсотак са сваіх даходаў беларусы будуць адлічваць ужо цяпер, а грошы атрымаюць (калі атрымаюць) ня ўсе і толькі празь дзесяцігодзьдзі.

Адразу пасьля гэтай заявы Лукашэнкі экспэрты адзначалі, што «Вялікая сям’я» — гэта выключна перадвыбарчы праект улады, а разам з тым сродак апэратыўнага рэагаваньня на бягучыя бюджэтныя праблемы.

Павялічваецца мінімальны стаж працы для прызначэньня пэнсіі

З 1 студзеня 2015 году ўступае ў сілу ўказ № 570, паводле якога мінімальны стаж працы, неабходны для прызначэньня працоўнай пэнсіі паводле ўзросту, павялічваецца з 10 да 15 гадоў. Прычым маецца на ўвазе, што ўсе 15 гадоў чалавек будзе працаваць афіцыйна — з выплатай узносаў у Фонд сацыяльнага страхаваньня. У выпадку, калі да часу выхаду на пэнсію стажу не хапае, тэрмін выплаты сацыяльнай пэнсіі паводле ўзросту адсоўваецца на 5 гадоў: мужчынам — да 65-гадовага ўзросту, жанчынам — да 60-гадовага.

Раней мінімальны стаж працы для прызначэньня пэнсіі быў павялічаны Ўказам прэзыдэнта № 389 ад 3 верасьня 2013 г. — з 5 да 10 гадоў.

Экспэрты лічаць, што такія зьмяненьні ў заканадаўства робяцца дзеля таго, каб скараціць колькасьць пэнсіянэраў і зьменшыць бюджэтныя выдаткі.

 

Чарговае павышэньне базавай велічыні, вырастуць штрафы

Базавая велічыня будзе павялічана з 150 да 180 тысяч рублёў. У Міністэрстве фінансаў заяўляюць, што павышэньне базавай велічыні дазволіць прывесьці сацыяльныя выплаты зь бюджэту ў адпаведнасьць з рэальным узроўнем коштаў. Але варта таксама памятаць, што ад памеру базавай велічыні залежаць ня толькі сумы сацыяльных выплат, але і сумы штрафаў.

Перад гэтым базавая велічыня павышалася 1 красавіка 2014 году — з 130 да 150 тысяч. Раней 1 кастрычніка 2013 году базавая велічыня вырасла са 100 да 130, а з 1 красавіка 2012 году — з 35 да 100 тысяч.

 

Інтэрнэт-сайты і блогі прыраўняюць да друкаваных СМІ

З 1 студзеня ўступаюць у сілу папраўкі ў Закон аб СМІ. Галоўная навацыя — распаўсюджваньне дзеяньня Закона аб СМІ на інтэрнэт-выданьні. Папраўкі не прадугледжваюць дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, але Міністэрства інфармацыі цяпер будзе мець паўнамоцтвы сачыць за тым, каб зьмест матэрыялаў адпавядаў дзейнаму заканадаўству. Улады будуць абмяжоўваць доступ да сайтаў, якія на працягу году атрымалі два і больш пісьмовых папярэджаньняў за распаўсюд інфармацыі, якая парушае нормы заканадаўства.

Папраўкі таксама абмяжоўваюць долю замежнага капіталу ў фондзе СМІ — з 30 працэнтаў яна зьмяншаецца да 20. Уводзіцца дзяржаўны рэестар распаўсюднікаў СМІ.

Гэты закон дэпутаты прынялі нечакана, 17 сьнежня, адразу ў двух чытаньнях. Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заявіла, што папраўкі ў беларускі закон аб СМІ, якія тычацца ўзмацненьня дзяржаўнага кантролю за інтэрнэтам у Беларусі, — сур’ёзная пагроза свабодзе слова.

Пачынае дзейнічаць жорсткі антынаркатычны дэкрэт

Пасьля прыняцьця дэкрэту № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў» становіцца больш жорсткай крымінальная адказнасьць за злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркотыкаў.

За дзеяньні, зьвязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў цяпер будзе пагражаць да 20 гадоў пазбаўленьня волі. За збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму — да 15 гадоў.

Пры гэтым зьніжаецца ўзрост надыходу крымінальнай адказнасьці за дзеяньні, зьвязаныя са збытам наркотыкаў, — з 16 да 14 гадоў.

Акрамя таго, уводзіцца крымінальная адказнасьць за збыт наркотыкаў, калі гэта пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека ў выніку спажываньня ім наркотыкаў (пазбаўленьне волі на тэрмін да 25 гадоў). Да 2 гадоў абмежаваньня волі будзе пагражаць за паўторнае на працягу году спажываньне наркотыкаў у грамадзкім месцы або зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане наркатычнага ап’яненьня.

Для асобаў, асуджаных за злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркотыкаў, будуць створаны асобныя папраўчыя ўстановы. Лукашэнка раней прапаноўваў зрабіць такія калёніі «драконаўскімі» — гэта значыць, вельмі жорсткімі па ўмовах утрыманьня. «Усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калёніі, прама скажу, сьмерці прасілі», — адзначыў ён.

 

Вырасьце «аўтапабор»

З 1 студзеня будзе павялічаны памер падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху. Падатак павялічыцца на 1 базавую велічыню — па легкавых аўтамабілях, якія належаць фізычным асобам, а на 2 базавыя велічыні — па астатніх відах транспартных сродкаў.

У Міністэрстве фінансаў тлумачаць гэта неабходнасьцю кампэнсаваць страты бюджэту ад таго, што адначасова з гэтым уводзіцца льгота ў памеры 50% ад стаўкі дзяржаўнай пошліны ў дачыненьні да транспартнага сродку, уладальнік якога — пэнсіянэр паводле ўзросту, інвалід I або II групы.

Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху, якую мусяць плаціць усе ўласьнікі транспартных сродкаў, дзейнічае ў Беларусі з 2014 году. Яе ўвядзеньне выклікала абурэньне ў грамадзтве і нават справакавала акцыі пратэстаў аўтамабілістаў («Стоп-падатак»). Новы падатак адразу ахрысьцілі «аўтапаборам».

Урад абяцаў, што сродкі ад дзяржпошліны будуць накіроўвацца «мэтавым парадкам на рамонт, рэканструкцыю і будаўніцтва рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог, а таксама вуліц, якія зьяўляюцца іх працягам», але з самага пачатку нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказвалі падазрэньні, што на самай справе гэтыя сродкі, магчыма, пойдуць на латаньне не дарог, а бюджэтных дзірак. Экспэрты ж у падобным выкарыстаньні сродкаў, атрыманых ад дзяржпошліны, нават не сумняваліся.

Банкноты наміналам у 50 рублёў выйдуць з абарачэньня

Пастановай праўленьня Нацыянальнага банку ад 5 верасьня 2014 году № 560 з Новага году спыняецца выпуск у абарачэньне банкнот наміналам 50 рублёў. Да 1 ліпеня 2015 году банкноты наміналам 50 рублёў падлягаюць прыёму пры ўсіх відах плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадараньня, у тым ліку і банкамі краіны.

Абмяняць банкноты наміналам 50 рублёў можна будзе без абмежаваньняў і без спагнаньня камісійнага ўзнагароджаньня ў любой суме, кротнай 100 рублям. З 1 ліпеня па 31 сьнежня 2015 году ўключна гэта можна будзе зрабіць у Нацбанку і іншых банках краіны. А з 1 студзеня па 31 чэрвеня 2016 году ўключна — толькі ў Нацбанку. Выключэньне з абарачэння банкнотаў наміналам 50 рублёў адбудзецца да 1 ліпеня 2016 году, і ад гэтай даты названыя банкноты будуць лічыцца несапраўднымі.

Забарона на зьдзелкі з дачнымі надзеламі пад Менскам і абласнымі цэнтрамі

Указам прэзыдэнта № 387 з 1 студзеня ўводзіцца забарона на зьдзяйсьненьне зьдзелак зь зямельнымі ўчасткамі, вылучанымі ў прыгараднай зоне Менску і абласных цэнтраў для вядзеньня калектыўнага садаводзтва, а таксама зьдзелак зь разьмешчанымі на іх аб’ектамі нерухомасьці да заканчэньня пяці гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі. Абмежаваньне тычыцца дачных участкаў у садовых таварыствах і дачных каапэратывах у радыюсе 60 кілямэтраў ад Менску і абласных цэнтраў.

Акрамя таго, уводзіцца забарона на стварэньне ў прыгараднай зоне Менску новых садаводчых таварыстваў, дачных каапэратываў.

Радыё Свабода