2022-й год адзін з лідэраў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч сустракае за кратамі
| Успамінаем яго Навагодняе відэавіншаванне трохгадовай даўніны, якое не страціла актуальнасці і сёння:
– Дарагія землякі. Вось і прайшоў чарговы год нашага жыцця і жыцця нашай краіны. Ён быў розным для кожнага з нас. Я ўпэўнены і спадзяюся, што ў кожнага з вас было шмат добрага. Але было і дрэннае. Я веру ў тое, што ў вас добрага было больш, спадзяюся на гэта і жадаю вам гэтага.
У жыцці нашай агульнай краіны пераважала, на мой погляд, дрэннае. Самае дрэннае з гэтага – тое, што той чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе, ён нічога не робіць для таго, каб вывесці краіну з тупіку, куды ён нас загнаў. Ён і далей хоча тут валадарыць, кіраваць без усялякіх рэформаў і трымаць усё, нягледзячы на тое, што жыць нам становіцца ўсё горш і горш.
Паважаныя сябры, я жадаю кожнаму з вас радасці, надзеі ў наступным годзе, каб жыццё ваша стала лепш, каб пераважала добрае. Я спадзяюся, што вы адзначыце гэтае свята радасна і што вы гэтую радасць перададзіце тым, хто вакол вас, у першую чаргу сваім блізкім, сваім бацькам, дзядулям і бабулям — гэта ім трэба. Але я спадзяюся, што мы возьмем у рэшце рэшт лёс краіны ў нашы рукі, зробім яе лепш. Будзем разам, сябры, і Беларусь будзе шчаслівай. Шчасця вам у новым годзе і нашай краіне. З новым Годам вас, – павіншаваў беларусаў Мікалай Статкевіч.
– Дарагія сябры, шчасця вам у новым годзе. Жадаем вам стаць сапраўднымі гаспадарамі свайго лёсу. І хай бог дае вам самае дарагое кожнаму самае патаемнае. З новым годам, – далучылася да віншаванняў жонка палітыка Марына Адамовіч.