Навіны

24 гады таму «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі

19 верасня 1991 года нацыянальным сымбалям вярнулі статус дзяржаўных.

Таксама Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову аб змене назвы краіны: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала Рэспублікай Беларусь.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” заставаліся дзяржаўнымі да 1995 года, калі пасля рэферэндуму, ініцыяваным Лукашэнкам, была вернутая перайначаная савецкая сімволіка.

Гербу «Пагоня» – больш за 600 гадоў. Выява збройнага вершніка была папулярным сымбалям ва Усходняй Еўропе. Да 1366 года мае дачыненне дакумент з пячаткай, які паказвае вершніка з мячом. З канца XIV стагоддзя вершнік намаляваны на фоне геральдычнага шчыта – на пячатках вялікіх літоўскіх князёў Ягайлы і Вітаўта.

Беларуска-літоўскія летапісы першай паловы XVI стагоддзя прыпісваюць стварэнне герба легендарнаму вялікаму князю Нарымунту Раманавічу XIII стагоддзя.

«Пагоня» была элементам герба Рэчы Паспалітай да яе падзелу ў 1795 годзе. Пасля гэтага «Пагоня» як частка некаторых губернскіх гербаў трапіла ў склад дзяржаўнага герба Расеі. Да 1900 года «Пагоня» з\’яўлялася асноўнай альбо складовай часткай 22-х гербаў гарадоў Расейскай Імперыі, трох губерняў і адной вобласці.

У 1918 годзе «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі, у савецкі час яны былі пад забаронай, але заставаліся сымбалямі супраціву. Імі яны застаюцца і цяпер.

Хартыя\’97