2020Беларускі Нацыянальны КангрэсВыбарыНародная ГрамадаПалітыка

30 кандыдатаў на прэзідэнцтва і масавыя пратэсты: Статкевіч агучыў план на выбарчую кампанію

Экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч у размове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім агучыў, якім чынам магчыма змяніць сітуацыю ў Беларусі. Палітык перакананы, што выбараў няма, але пры гэтым заявіў, што будзе рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам на прэзідэнцтва.

Паводле Мікалая Статкевіча змяніць існую сітуацыю ў нашай краіне магчыма толькі і выключна шляхам мірнага пратэсту.

«Лукашэнка проста праводзіць аперацыю па пераабранні сябе ізноў на пасаду незаконнага выконваючага абавязкі прэзідэнта краіны. Для гэтага ў яго існуюць камісіі па фальсіфікацыі выбараў. Ім даводзіцца задача па паказніках і яны выконваюць загад», – лічыць Мікалай Статкевіч.

Палітык раскрытыкаваў частку апазіцыі, якая цяпер вылучае сваіх кандыдатаў з дапамогай працэдуры праймарыз.

«Гэта адцягванне ўвагі насельніцтва на ілюзію, што маўляў, мы аддамо свой голас на выбарах і справа будзе вырашаная. Але добра не будзе, бо камісіі напішуць 80 % за Лукашэнку».

Мікалай Статкевіч распавёў, што гатовы супрацоўнічаць толькі з Паўлам Севярынцам.

Пры гэтым былы палітвязень заявіў, што мае намер вылучацца кандыдатам на прэзідэнта. Мікалай Статкевіч нагадаў, што паводле Канстытуцыі наяўнасць судзімасці не з’яўляецца перашкодай для рэгістрацыі кандыдатам. Але абмежаванні ўводзіць Выбарчае заканадаўства. Тым не менш палітык мае намер скласці дакументы ў ЦВК і ўжо па выніках разгляду распавёў, якая стратэгія распрацаваная «Беларускім нацыянальным кангрэсам» і «Беларускай грамадой».

«Мы будзем рэгістраваць мінімум 30 ініцыятыўных групаў кандыдатаў на прэзідэнцтва. Жадаем, каб у кожным буйным горадзе была як мінімум адна асоба, якая вылучаецца на кандыдата, каб гэтага чалавека ведалі. І вось гэтыя асобы пачнуць пратэсты. Патрабаванне: чэсныя выбары без Лукашэнкі, з удзелам Статкевіча і іншых палітыкаў», – распавёў Мікалай Статкевіч.

Белсат