Мікола Статкевіч: «Мы не адмовіліся ад пратэстаў. Створым іншыя групы»
Мікалай Статкевіч адрэагаваў на адмову ЦВК зарэгістраваць некалькі ініцыятыўных груп «кандыдатаў пратэсту», заявіўшы Свабодзе, што будзе вылучаць іншых кандыдатаў — створыць невялікія групы з «жалезабэтонных партыйцаў».
«Безумоўна, улада „зацаніла“ гэты наш прыём. Нідзе ў законах не напісана, што ЦВК павінна правяраць сьпісы ініцыятыўных груп, а цяпер яны абзвоньваюць людзей. Хоць я ўпэўнены, што неабходная колькасьць людзей пацьвердзіла свой удзел.
Мы сутыкнуліся з тым, што спадарыня Ярмошына ўжо пачала лічыць галасы па-свойму, хоць раней гэта рабілася пасьля галасаваньня», — кажа Мікола Статкевіч.
Ён паабяцаў, што будзе падаваць яшчэ дакумэнты, хоць разумее, што лічыць зноў жа будзе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
«Мы створым невялікія групы, але з партыйцаў, людзей „жалезабэтонных“, скажам так.
Таксама разглядаем іншыя варыянты — мы будзем скарыстоўваць магчымасьці кандыдатаў. Мы не адмовімся ад пратэстаў, будзем шукаць ідэальныя формы, таму што выбараў няма. І ў гэтым чарговы раз пераканаліся. Будуць іншыя кандыдаты», — запэўніў Мікола Статкевіч.