У Еўрапарламенце прадставілі намінаваных на прэмію імя Сахарава
7 кандыдатаў намінаваных да прэміі Сахарава прадставілі еўрадэпутаты на супольным паседжанні камісіі замежных справаў і падкамісіі па правах чалавека Еўрапейскага парламента. Сярод намінантаў Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч і Эдуард Лобаў, якія прадстаўляюць ўсіх беларускіх палітвязняў, – гаворыць еўрадэпутат Марэк Мігальскі, які прэзэнтаваў іх кандыдатуры ў Еўрапейскім парламенце.
Марэк Мігальскі:
– Усіх беларускіх палітвязняў прадстаўляюць тры асобы. Узнагарода мяркуецца для ўсіх палітвязняў. Зрабілі мы так з тэхнічных прычынаў. Калі ўзнагароду атрымаюць гэтыя тры асобы, то гэта значыць, што яе атрымаюць усе беларускія палітвязні. Гэта не значыць, што адны лепшыя, другія горшыя, па-просту гэткім чынам спрашчаецца вылучэнне і прадстаўленне кандыдатаў на ўзнагароду.
Іншыя намінанты – гэта Malala Yousafzai з Пакістану, Эдуард Сноўдэн з ЗША, Reeyot Alemu i Eskinder Nega –эфіопскія журналісты, якія трапілі ў турму, Міхаіл Хадаркоўскі з Расеі, а таксама ўдзельнікі пратэстаў у Турцыі.
30 верасня дэпутаты сярод сямі намінантаў выбяруць трох, з якіх ўжо 10 кастрычніка канфэренцыя старшыняў Еўрапарламенту выбярэ адзінага намінанта.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя