2020

Мікалай Статкевіч асуджаны да 15 сутак арышту

Палітык Мікалай Статкевіч пакараны на 15 сутак арышту нібыта за арганізацыю “несанкцыяванага масавага мерапрыемства”, пад якім зараз раз улады разумеюць легальны перадвыбарчы пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, які адбыўся 24 траўня ля Камароўскага рынка.

Вырак вынес суддзя суда Ленінскага раёна, які пад час працэсу не прадставіўся.

Невядомыя 31 траўня з раніцы дзяжурылі каля дома палітыка Міколы Статкевіча. Каля 11:45 яго затрымалі на скрыжаванні вуліц Маякоўскага і Барадзінскай невядомыя людзі ў цывільным, заблакаваўшы машыну, у якой палітык з жонкай і сваімі паплечнікамі ехаў на пікет на Камароўцы, і звезлі ў невядомым накірунку.

Машыну Марыны Адамовіч, жонкі палітыка, заблакаваў сумнавядомы мікрааўтобус, каб не дазволіць ёй прасачыць, куды павезлі Мікалая Статкевіча.

Пазней Марына Адамовіч звярнулася ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска з заявай аб выкраданні мужа. Толькі ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч пацвердзілі ў ЦІП, што ён у іх да суда.

У панядзелак паплечнікі Статкевіча дзяжурылі ў розных судах, бо праваахоўныя органы адмовіліся паведамляць, дзе будуць судзіць Мікалая Статкевіча. Урэшце, яго даставілі ў суд Ленінскага раёна і асудзілі пад час афіцыйнага абедзеннага перапынку у спадзяванні не дапусціць людзей на працэс.