2020АктуальнаПалітвязні

Зь ізалятару часовага ўтрыманьня нечакана вызвалілі Аляксандра Якушкова

11 чэрвеня актывіст «Народнай Грамады» Аляксандр Якушкоў быў раптам вызвалены зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле рашэньня судзьдзі Царыкава. На волю ён павінен быў выйсьці аж 18 чэрвеня.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прысудзіў Аляксандру Якушкову 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую 31 траўня. Судзьдзя Уладзімер Царыкаў палічыў, што віцяблянін удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу. Якушкоў быў асуджаны на 10 сутак і меўся быць на волі толькі 18 чэрвеня. Але яго вызвалілі раней.

Скрыншот з паведамленьня ў Facebook

Па словах актывіста, вызваленьне стала для яго поўнай нечаканасьцю. Міліцыянт з Кастрычніцкага РАУС пасадзіў яго ў машыну, давёз да вуліцы Смаленскай і адпусьціў: «Аляксандар Уладзімеравіч, вы свабодныя». Пры гэтым аніякіх тлумачэньняў супрацоўнік праваахоўных органаў ня даў, ніякіх афіцыйных папераў падпісаць не прапанаваў.

Навошта гэта было зроблена і кім прымалася рашэньне – Аляксандру невядома.

Расказвае, што спачатку, калі яго выклікалі, ён падумаў, што проста зьбіраюцца перавесьці ў іншую камэру, бо падчас арышту, ён напісаў скаргу на антысанітарныя ўмовы ўтрыманьня.

Скарга Якушкова, якую ён напісаў у ІЧУ

Але, як аказалася, яго проста выпусьцілі.

Уладзімер Бяляўскі

Віцебская Вясна