Навіны

Забег дзеля свабоды

Беларускіх палітвязняў падтрымліваюць грамадскія актывісты не толькі ў нашай краіне. “Забег для Статкевіча і вольнай Беларусі” прайшоў напярэдадні ў польскім Катавіцэ. У спаборніцтве, арганізаваным у парку імя Тадэвуша Касцюшкі, узялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек.

Глядзець відэа Глядзець відэа

17 хвілінаў і 13 секундаў спатрэбілася Леху Гловяку на пераадоленне 5-кіламетровай трасы. “Забег для Статкевіча і вольнай Беларусі”, арганізаваны ў Катавіцэ, сабраў як прыхільнікаў нашай краіны, гэтак і аматараў актыўнага ладу жыцця.

ЛЕХ ГЛОВЯК, ПЕРАМОЖЦА Ў МУЖЧЫНСКІМ ЗАБЕГУ:
“Было складана. Я ўвесь час адчуваў дыханне супернікаў у спіну, таму лёгка не было”.

Арганізавалі імпрэзу Таварыства “Праект Сьлёнск” і еўрадэпутат Марэк Мігальскі. З аднаго боку — каб зацікавіць палякаў падзеямі ў Беларусі, з іншага — каб падтрымаць зняволенага Статкевіча.

МАРЭК МІГАЛЬСКІ, ЕЎРАДЭПУТАТ:
“Што мы пра яго памятаем, у Еўразвязе, у Польшчы, і будзем змагацца. Што ён не самотны, і што тыя, хто трымае яго ў вязніцы, не могуць рабіць гэтага беспакарана”.

На гэты момант Мікола Статкевіч — адзіны з экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва, хто застаецца ў турме. Суд пакараў яго 6 гадамі зняволення паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у паслявыбарчы вечар.

Белсат