Навіны

Генасамблея ААН разгледзела даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Краіны Еўрасаюза, ЗША і шэраг іншых дзяржаў падтрымалі на пасяджэнні Генасамблеі ААН даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска зноў заявілі аб прадузятым стаўленні да краіны.

Даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў разгледжаны на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку 28 кастрычніка. Дакумент падрыхтаваны спецдакладчыкам Савета ААН па правах чалавека Міклашам Харашці і апублікаваны на сайце Арганізацыі Аб\’яднаных Нацый.

На абмеркаванне даклада былі запрошаны афіцыйныя прадстаўнікі ўладаў Беларусі, а таксама беларускай грамадзянскай супольнасці.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, працэдура разгляду даклада галасавання не прадугледжвала. Даклад быў прадстаўлены, і адбылося яго абмеркаванне членамі нацыянальных дэлегацый.

Трэба адзначыць, што пры падрыхтоўцы даклада Харашці разлічваў сустрэцца як з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, так і з беларускімі чыноўнікамі, аднак улады адмовіліся кантактаваць са спецдакладчыкам. Афіцыйны Мінск не прызнае мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі, лічачы яго палітычным, і не бачыць перспектывы для супрацоўніцтва з ім.

Паводле слоў Стэфановіча, пасля разгляду даклада 28 кастрычніка прадстаўнікі афіцыйнага Мінска зноў заявілі, што не прызнаюць ніякіх спецдакладчыкаў, і ніякіх мандатаў. Пазіцыю афіцыйнага Мінска падтрымалі Узбекістан, Казахстан, Туркменістан, Расія, Зімбабве, Куба, Іран, Кітай, Нікарагуа, Венесуэла, Лаос.

Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, краіны Еўрасаюза, ЗША, Нарвегія, Швейцарыя падтрымалі спецдакладчыка. Яны выказалі занепакоенасць станам правоў чалавека ў Беларусі, і у прыватнасці наяўнасцю палітзняволеных, націскам на праваабаронцаў, існаваннем смяротнай кары.

Нагадаем, асноўная ўвага ў дакладзе надаецца правам чалавека ў кантэксце выбарчых працэсаў у Беларусі.

Спецдакладчык адзначае, што Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) неаднаразова ўстанаўліваў факты парушэння ўладамі права сваіх грамадзян на свабоду меркаванняў і іх выказванне.

З прычыны прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў 2015 годзе, спецдакладчык рэкамендуе ўладам у поўным аб\’ёме выканаць рэкамендацыі, у тым ліку вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.

Беларускія ўлады, гаворыцца ў дакладзе, павінны забяспечыць правядзенне выбарчай і заканадаўчай рэформы з удзелам “шырокага кола зацікаўленых асоб, нават калі законапраект ужо ўнесены на разгляд парламента”, а таксама гарантаваць наяўнасць незалежных выбарчых камісій, забяспечыць адкрыты падлік галасоў, уключаючы поўнае і адкрытае назіранне за ім членамі выбарчых камісій і іншымі зацікаўленымі асобамі.

Спецдакладчык рэкамендуе адмяніць закон, які ўстанаўлівае крымінальную адказнасць за крытыку публічных фігур або краіны, гарантаваць неўмяшанне з боку ўрада ў дзейнасць СМІ і “плюралістычнае, транспарэнтнае і дэманапалізаванае валоданне сродкамі вяшчання”.

На думку Харашці, Беларусі трэба рэфармаваць сістэму судовага самакіравання, каб вызваліць яе ад прыняцця рашэнняў выканаўчымі органамі ўлады/прэзідэнтам па такіх пытаннях, як дысцыпліна, ільготы і бонусы, адбор, павышэнне на пасадзе суддзяў і прыняцце мер дысцыплінарнага ўздзеяння на іх.

Неабходна таксама паскорыць заканадаўчыя рэформы, нацэленыя на тое, каб забяспечыць поўную забарону катаванняў і ўстанавіць эфектыўныя гарантыі недапушчэння катаванняў і жорсткага абыходжання згодна з законам і на практыцы.

Аўтар даклада рэкамендуе ўладам ініцыяваць аператыўнае, бесстаронняе і дакладнае расследаванне ўсіх паведамленняў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, а пры наяўнасці падстаў неадкладна ажыццяўляць судовы пераслед і публічна заклікаць да поўнай забароны катаванняў.

Спецдакладчык рэкамендуе адмяніць дазвольны прынцы рэгістрацыі СМІ, асацыяцый і сходаў, рэгістрацыю замежных грантаў і міжнароднай тэхнічнай дапамогі і пералік мэтаў, у якіх можа выкарыстоўвацца бязвыплатная замежная дапамога, унесці змяненні ў закон аб масавых мерапрыемствах у Беларусі, каб ён адпавядаў Канстытуцыі і міжнародным стандартам.

 
Аляксей Арэшка, БелаПАН.