Навіны

У Беларусі стартавала праваабарончая кампанія Free Belarus

У Беларусі стартавала праваабарончая кампанія Free Belarus, асноўнай мэтай якой з’яўляецца вызваленне палітвязняў. Пра дзейнасць кампаніі яе рада распавяла на анлайн прэс-канферэнцыі.

| На фота: Мікалай Халезін, мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатра

Аднаўленне кампаніі

«Free Belarus» — менавіта пад гэтай назвай кампанію праводзіў Свабодны тэатр у 2011-2015 гадах. «У 2010 годзе нам удалося выехаць з краіны, — узгадвае Мікалай Халезін, мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатра. — З той прычыны, што ўсе нашы сябры апынуліся за кратамі, мы сталі актыўна весці кампанію. Каля месяца ў нас сышло на тое, каб узгадніць усе санкцыі супраць тых, хто быў датычны да рэпрэсій у Беларусі».

У межах сёлетняй кампаніі «FREE BELARUS» 50 вядомых беларускіх палітычных і грамадскіх дзеячаў і актывістаў звярнуліся да кіраўнікоў 50 дэмакратычных краін. Яны заклікалі падтрымаць патрабаванні аб вызваленні вязняў сумлення і іншых рэпрэсаваных удзельнікаў дэмакратычнага руху краіны.

«Выбарчая кампанія “ніколі не было — і цяпер зноў” адрозніваецца ад папярэдніх тым, што рэпрэсіі пачаліся ў літаральным сэнсе да старту прэзідэнцкай кампаніі, — кажа Марына Адамовіч, грамадская дзеячка, сябра партыі Народная Грамада, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча. — Ідзе ціск на чальцоў штаба Святланы Ціханоўскай. Ідзе масавае затрыманне блогераў, палітыкаў. У сувязі з гэтай сітуацыяй ініцыятыўнай групай былі напісаны звароты да лідараў еўрапейскіх краін. Зварот падпісалі добра вядомыя ў Беларусі і за яе межамі асобы. У прыватнасці — Станіслаў Шушкевіч, Андрэй Саннікаў, Аляксандр Казулін, Алесь Міхалевіч… У звароце, перш за ўсё, мы кажам аб сітуацыі ў Беларусі, аб ціску на ўдзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі і членаў іх штабоў, на грамадзян, якія хочуць і спадзяюцца на мірныя перамены. Мы просім лідараў свабодных краін садзейнічаць спыненню рэпрэсій у Беларусі, патрабаваць ад беларускіх уладаў спынення пераследу па палітычных матывах, вызвалення палітвязняў».

У падтрымку гэтага звароту можна падпісаць адпаведную петыцыю на платформе Change.org.

«Мы ходзім па коле»

Падчас прэс-канферэнцыі выступілі тыя, хто непасрэдна сутыкнуўся з рэпрэсіямі.

Вяргілій Ушак, відэааператар Сяргея Ціханоўскага, правёў два месяцы ў зняволенні. «Я проста ўмею здымаць, рабіць гэта якасна. — так Вяргілій патлумачыў, чаму апынуўся за кратамі. — Я быў аператарам, у мяне быў зафіксаваны кожны крок, аднак ў судзе хадайніцтвы аб тым, каб паглядзець запіс, ігнаравалі. Пры тым, што мая дзяўчына нават прыехала з Гродна і прывезла гэтае відэа».

Вольга Севярынец, жонка Паўла Севярынца, распавядае, што ад людзей, якія нядаўна выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, яна даведалася: жорсткія ўмовы ў месцах зняволення — гэта загад «зверху». «Зараз мы проста ходзім па коле, — распавядае Вольга. — Ні Пракуратура, ні Мінгарвыканам не могуць правесці праверку на падначаленай ім тэрыторыі. Праз паўтары месяцы нам прыходзяць адказы на скаргі. У іх сказана, што даных недастаткова для правядзення праверкі ў месцах зняволення. Пры гэтым, пра жудасныя ўмовы кажа не адзін Павел. Калі Лукашэнка застанецца на яшчэ адзін тэрмін, то для нашай сям’і не будзе спакойнага жыцця. Зноўку будуць затрыманні, суткі, штрафы. Мы просім краіны Еўропы і іншыя краіны ўвесці санкцыі супраць тых людзей, якія прыналежны да рэпрэсій у Беларусі».

Саміх беларусаў Вольга просіць пісаць палітвязням лісты, дапамагаць сем’ям затрыманых, пісаць скаргі. Журналістаў яна папрасіла прыцягваць больш увагі да тэмы палітвязняў у Беларусі, бо гэта можа мяняць лёсы сем’яў затрыманых. У якасці прыкладу яна прывяла сям’ю Новік, у якіх хацелі адабраць дзіця. Вольга мяркуе, што менавіта праз асвятленне гэтай сітуацыі ў СМІ, сям’ю больш не чапалі.

Ізноў санкцыі?

Рада Free Belarus просіць дэмакратычны свет паўплываць на ўрад Беларусі метадам увядзення персанальных санкцый для тых людзей, якія адказныя за рэпрэсіі, фальсіфікацыі выбараў. «Мы не патрабуем эканамічных санкцый, — падкрэслівае Марына Адамовіч. — Мы бачым санкцыі ў выглядзе забароны на ўезд гэтым асобам на тэрыторыі тых краін-лідараў, да якіх мы звяртаемся, просім арыштаваць іх рахункі, калі такія ёсць». Родныя і блізкія асоб не ўключаны ў спісы, аднак яны могуць аўтаматычна падпадаць пад санкцыі згодна з працэдурамі краін, якія гэтыя санкцыі ўводзяць.

«Мы хацелі, каб санкцыі былі ўведзены з пачаткам перадвыбарчай кампаніі, калі і кандыдаты ў прэзідэнты, і праваабаронцы, і журналісты трапілі пад рэпрэсіі, — тлумачыць Мікалай Халезін. — Але ў нас не атрымалася, таму, што мы не ўзгаднілі спісы. Два месяцы таму мы маглі скласці спісы супрацоўнікаў сілавых структур і суддзяў, але не маглі ўключыць у спісы тых людзей, якія тычацца выбарчых камісій. Спісы могуць папоўніцца толькі 9 жніўня».

Спісы будуць рыхтавацца па этапах: «сілавікі», суддзі, супрацоўнікі выбарчых камісій, Аляксандр Лукашэнка, члены яго сям’і, Адміністрацыя прэзідэнта і частка ўраду, якая будзе ўцягнута ў механізм рэпрэсій.

«Калі ў 2010 годзе мы намагаліся пераканаць усіх у неабходнасці санкцый, то зараз і Кангрэс ЗША, і Дзярждэпартамент ЗША, і Брусельскі Блок, і NATO, і МУС Вялікабрытаніі звяртаюцца самі, просяць прапанаваць алгарытм дзеянняў і спісы тых, хто адказны за рэпрэсіі, — каментуе Халезін. — У гэты раз усё будзе больш жорстка. Усім відавочны той алгарытм, які прыняў Лукашэнка. Яго сённяшняе пасланне толькі дадае факталогіі: чалавек фактычна прызнаў, што кіраваў палітычнымі забойствамі ў краіне».

Аляксандр Фядута, доктар навук, палітолаг і аналітык, таксама падпісаў зварот да лідараў еўрапейскіх краін: «Калегі з Беларусі ведаюць, што я заўжды выступаў праціўнікам санкцый. Але ў дадзенай сітуацыі я перакананы, што беларуская ўлада ўпершыню зайшла так далёка. Гэта можна патлумачыць адным: Аляксандр Лукашэнка ведае, што яго не падтрымлівае большасць. Таму і ўводзяцца забароны на правядзенне незалежных сацыялагічных апытанняў. Таму і праводзіцца кампанія арыштаў і затрыманняў. Я хачу спадзявацца, што пасля выбараў усіх гэтых людзей выпусцяць. Але факт застаецца фактам. Мы маем справу з незаконным палітычна матываваным рашэннем аб пазбаўлення волі вялікай колькасці грамадзян Беларусі. Улада прыбірае са сцэны сваіх палітычных апанентаў».

 

Аляксандр Фядута падкрэсліў, што гэта не будуць санкцыі супраць беларускага народу. Гэта будуць санкцыі супраць тых асоб, якія адказваюць асабіста за тое, што адбываецца ў краіне і за ход рэпрэсій. Усе тыя, хто падпісаў зварот, мелі магчымасць і складаць гэты спіс, і рэдагаваць яго. Шэраг асоб, якія былі ў гэтым спісе, былі выдаленыя, шэраг іншых асоб у спісе з’явілася. «Той факт, што гэтых людзей у спісе вельмі шмат, — гэта вынік калектыўнай дзейнасці і калектыўнай адказнасці за тое, што столькі грамадзян падвергліся рэпрэсіям», — упэўнены Фядута.

***
З пачатку выбарчай кампаніі былі затрыманыя больш за 1000 чалавек. 366 чалавек атрымалі штрафы на агульную суму 10558 базавых велічынь. 205 чалавек былі арыштаваны на агульны тэрмін — 2922 сутак. У месцах пазбаўлення волі пад крымінальным пераследам на сёння знаходзіцца 21 чалавек.