Працяг пераследу
Чарговае пакаранне за парушэнне прэвентыўнага нагляду былым палітвязням. Суд Першамайскага раёну Менску разглядаў сёння справу сустаршыні “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча.
Гэтым разам абышлося штрафам 10 базавых велічыняў. Сам пакараны на разбіральніцтва не з’явіўся. Сваё рашэнне ён патлумачыў нежаданнем даказваць невінаватасць у судах, якія не аднойчы фабрыкавалі справы.
Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч ужо колькі месяцаў пасля вызвалення намагаецца наладзіць асабістае і прафесійнае жыццё. Нядаўна стала вядома, што актывіст зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Аднак прэвентыўны нагляд міліцыі робяць жыццё сям’і Дашкевічаў нязносным.
НАСТА ДАШКЕВІЧ, ЖОНКА ЗМІТРА:
“Створаны, каб вывесці чалавека з раўнавагі. Асабліва ў першыя месяцы нагляду, калі яны прыходзілі кожную практычна ноч а другой гадзіне, а трэцяй гадзіне. Пасля прасілі нейкія дакуманты і доўга іх разглядалі”.
Br 1,3 млн штрафу давядзецца заплаціць cустаршыні “Маладога фронту” паводле абвінавачання ў парушэнні нормаў прэвентыўнага нагляду. Як паведаміў Зміцер Дашкевіч, ён забыўся адзначыцца ў міліцыі летась 19 снежня. Хоць такое здарылася ў першыню, на актывіста адразу склалі пратакол. Да таго ж, Дашкевічу пагражалі зрабіць прэвентыўны кантроль яшчэ больш жорсткім.
НАСТА ДАШКЕВІЧ, ЖОНКА ЗМІТРА:
“Канечне, гэта робіцца адмыслова, каб усе гэтыя розныя маленечкія памылкі Змітра выводзіць у адміністратыўныя справы”.
Паводле праваабаронцаў, штраф Дашкевічу – гэта працяг ціску на актывіста. А за парушэнне прэвентыўнага нагляду ў Беларусі можна трапіць нават за краты. Прыклад гэтага – былыя вязні за Плошчу Уладзь Яроменак і Васіль Парфянкоў. Суд прыгаварыў актывістаў да шасці месяцаў і года зняволення адпаведна. Пры гэтым тэрмін паводле артыкулу парушэння нагляду Парфянкоў атрымаў ужо другі раз. Нягледзячы на тое, што тэма палітзняволеных застаецца каменем спатыкнення паміж Еўразвязам і Беларуссю…
РАДОЛЬФ РЫШАР, ПРАДСТАЎНІЦТВА ЕЗ У МЕНСКУ:
“Магчымасцяў кампрамісу я не бачу. Калі не прымуць канкрэтных пастановаў, зрабіць што-кольвечы будзе цяжка”.
Пакуль у беларускіх турмах з палітычных матываў утрымліваюцца як мінімум 11 асобаў. А сумнавядомы спіс штогод папаўняюць новыя прозвішчы.
Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”