Аўтуховіч двойчы адмовіўся прасіць памілаваньня
Мікалаю Аўтуховічу двойчы прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя прэзыдэнта.
Абодва разы ён адмаўляўся, заявіў сам Мікалай Аўтуховіч па выхадзе з турмы:
«Я не супрацоўнічаю і не ўваходжу ў змову з тымі, хто мяне пасадзіў. Я прыехаў і адразу сказаў, што на гэтую ўладу працаваць ня буду, на працу мяне ня ставіць, ніякіх перамоваў весьці ня буду, не напішу ніякіх папер».
Аўтуховіч адмовіўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй, не падпісаў ніякіх папер. Яго залічылі ў злосныя парушальнікі, і ён ня мог выйсьці на свабоду датэрмінова.
Паводле словаў былога палітвязьня, да яго ў камэру падсаджвалі «няпростых людзей»:
«Першы быў участковы міліцыянт. Ён, натуральна, „працаваў“, напэўна, дакладваў. Другі — вельмі эмацыйны, канфліктны хлопец — відаць, разьлічвалі, што мы будзем канфліктаваць. Дарэчы, два-тры разы мы пасварыліся. Але потым знайшлі агульную мову. Трэцяга падсадзілі правакатара — тры месяцы запар ён краў рэчы, правакаваў. За тое, што я адмовіўся зь ім сядзець, мяне пасадзілі ў ШЫЗА», — распавёў Аўтуховіч.
У адзіночку Аўтуховіча не зьмяшчалі — маўляў, дзеля ягонай «бясьпекі».
Аўтуховічу прызначылі прэвэнтыўны нагляд на адзін год і чатыры месяцы. Сам ён ня ўпэўнены, што яго пакінуць у спакоі, бо ў Беларусі «ад турмы ніхто не застрахаваны».
«Усе павінны прызнаць, што мяне пасадзілі ні за што, ні за што забралі маёмасьць, ні за што пакаралі сям’ю. З 2003 году мяне б’юць. Лічыце, 11 гадоў жыцьця не было», — сказаў Аўтуховіч.