Затрымалі яшчэ аднаго актывіста, былога палітвязня Аляксандра Францкевіча
Былога палітвязня, актывіста руху анархістаў Аляксандра Францкевіча працаўнікі праваахоўных органаў затрымалі ўвечары 25 красавіка ў Менску, калі той вяртаўся з працы дадому.
Пра гэта на сваёй старонцы ў «Facebook’у» паведаміла грамадская актывіста Юлія Сцяпанава са спасылкаю на маці Францкевіча. Падрабязнасці затрымання застаюцца невядомыя, аднак ноч малады чалавек, па ўсёй бачнасці, правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна.
Затрыманне Францкевіча папоўніла спіс прэвентыўных затрыманняў і арыштаў грамадскіх актывістаў у Менску. Так, цягам гэтага тыдня ў сталіцы затрымалі Аляксандра Сцепаненку і Уладзіміра Сяргеева(абодва асуджаныя на пяць содняў адміністратыўнага арышту), аднаго з арганізатараў «Чарнобыльскага шляху» Максіма Вінярскага (12 содняў арышту), Іллю Дабратвора (10 содняў арышту) і былога палітвязеня, вядомага апазіцыянера Змітра Дашкевіча (25 дзён арышту).
Праваабаронцы звязваюць гэтую хвалю прэвентыўных затрыманняў з правядзеннем 26 красавіка ў Менску традыцыйнай акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях», прыездам у Менск 29 красавіка прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна для ўдзелу ў саміце мытнай «тройкі», а таксама з чэмпіянатам свету па хакеі, які адкрываецца 9 траўня.
Нагадаем, Аляксандра Францкевіча затрымалі ў верасні 2010 года. Яго, а таксама яшчэ некалькіх анархістаў абвінавацілі ў шэрагу нападаў на адміністрацыйныя будынкі ды падпалах – сярод іншага, у правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнаю сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынку ЦІП у 2010 годзе. У траўні 2011 года Францкевіча асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за зацятае хуліганства, наўмыснае знішчэнне маёмасці, несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, камп’ютарны сабатаж і за распрацоўванне, выкарыстанне або распаўсюджванне шкодных праграмаў. Ён выйшаў на волю ў верасні 2013 года.
МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН