За «Чарнобыльскі шлях» будуць судзіць сем чалавек
Адміністрацыйныя справы будуць разглядацца 28 красавіка ў судзе Савецкага раёна Менска.
Арышт або штраф пагражае сямі актывістам, якіх затрымалі перад і пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях». Пра гэта паведаміла праваабаронца Наста Лойка. З яе слоў, да гэтага часу было вядома аб меншай колькасці затрыманых, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Інфармацыя крыху дзіўная, бо мы ведалі толькі аб некалькіх затрыманнях. Яшчэ ў пятніцу быў прэвентыўна затрыманы Аляксандр Шумкевіч, справу якога будуць разглядаць у судзе Савецкага раёна. Таксама вядома, што падчас самой акцыі былі затрыманыя яшчэ трое актывістаў, але яны папрасілі не называць пакуль іх прозвішчы. Іх справы таксама будуць разгледжаны ў судзе Савецкага раёна. І сама я ўчора была сведкай затрыманняЮрыя Рубцова, Леаніда Смаўжа і яго сябра Мікалая. Іх там жа, дзе і іншых, будуць судзіць. Атрымліваецца 7 чалавек», – распавяла яна.
Як паведаміла Наста Лойка, суды, як чакаецца, пачнуцца ў 10 гадзін. Пры гэтым у судоў будзе скарочаны працоўны дзень.
Нагадаем, у беларускай сталіцы ўчора прайшла акцыя, прысвечаная трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна была дазволена беларускімі ўладамі. Мерапрыемства было вырашана правесці пад лозунгам абароны Беларусі ад ядзернай небяспекі з боку Расеі.