Навіны

Максім Вінярскі не спыніў галадоўку, але пачаў піць ваду

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі пачаў піць ваду, але не спыніў галадоўку на знак пратэсту супроць арышту, які ён лічыць незаконным.

Пра тое, што Максім Вінярскі з 30 красавіка перайшоў з «сухой» галадоўкі на звычайную, паведаміў карэспандэнту Свабоды дзяжурны менскага ізалятара на Акрэсьціна, дзе з 22 красавіка трымаюць актывіста. Паводле міліцыянта, Максім Вінярскі на здароўе ня скардзіцца, але ад пратэсту не адмовіўся і па-ранейшаму патрабуе адмены прысуду:

«Ён ня есьць, але чай п’е і адчувае сябе, кажа, нармальна. Удакладнялі ягоны стан, ён ня скардзіўся. Лекар у нас на месцы ёсьць, калі будзе патрэба, акажам дапамогу. А калі спатрэбіцца, дык і хуткую дапамогу выклічам».

Ад самога Максіма Вінярскага пакуль няма дакладных зьвестак, што ён пачаў выхад з сухой галадоўкі. Але сястра актывіста Алёна Церашкова кажа пра ліст брата сябрам, у якім той паведамляў, што можа перайсьці з «сухой» галадоўкі на звычайную:

«Сама я гэты ліст не чытала, але нібыта ён перадаваў ліст сябрам, што зь сёньняшняга дня пачынае выхад. Мы гэтаму вельмі рады, а за тое, што вы гэта пацьвердзілі — вялікі дзякуй».

Паводле Алёны, яе брат раней некалькі разоў трымаў звычайныя галадоўкі, але сухую — упершыню. Алёна Церашкова мяркуе, што на такую скрайнюю форму пратэсту Максіма Вінярскага падштурхнулі ўлады, якія фактычна палююць на яго. Сястра актывіста нагадала, што апошнім часам Максіма Вінярскага затрымліваюць не на акцыях, а проста на вуліцы, прэвэнтыўна, напярэдадні нейкіх палітычных падзеяў. Гэтым разам ягонае затрыманьне магчыма было патлумачыць блізкім Чарнобыльскім шляхам:

«Яму ж проста не даюць перадыху. У гэтым годзе гэта ўжо чацьвёртая адседка. І па 10–15 сутак — для яго традыцыйна. Ён ад іх фактычна не пасьпявае адысьці. Нават сталай працы з-за гэтага ён ня мае, толькі пэрыядычна падпрацоўвае».

Максім Вінярскі мае выйсьці на волю 4 траўня. Празь 5 дзён пасьля ягонага выхаду з Акрэсьціна ў Менску пачнецца чэмпіянат сьвету па хакеі, які працягнецца да 25 траўня. Вядома, што раней Максім Вінярскі выказваўся за байкот гэтага мерапрыемства хакейнымі зборнымі краін сьвету. Сваякі і сябры актывіста непакояцца, што прэвэнтыўныя арышты апазыцыянэраў у Беларусі будуць працягвацца.

Радыё Свабода

#minsk2014, #минск2014, #мінск2014 #worldcup2014 #hockey2014,#хоккей2014 #belarus2014, #icehockey2014