Швайцарскія праваабаронцы патрабуюць вызваліць беларускіх палітвязняў
Аддзяленне Amnesty International у Швайцарыі вядзе кампанію, прымеркаваную да ЧС у хакеі ў Менску.
Праваабаронцы расказваюць пра грубыя парушэнні правоў чалавека ў краіне, дзе праходзіць спартыўная падзея сусветнага маштабу, і збіраюць подпісы пад петыцыяй з заклікам да неадкладнага і безумоўнага вызвалення вязняў сумлення ў Беларусі – Мікалая Статкевіча, Эдуарда Лобава і Алеся Бяляцкага, да скасавання смяротнага пакарання і ўсіх рэпрэсіўных законаў, паведамляе ПЦ «Вясна».
«Кампанія, якую мы цяпер праводзім, з\’яўляецца працягам леташняй кампаніі для скасавання смяротнага пакарання ў Беларусі і працягам работы для падтрымкі вязняў сумлення, – кажа Ірыс Бішоф, рэгіянальны каардынатар цэнтральнага офіса Amnesty International ў Швайцарыі. – Інфармаваць аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі для нас вельмі важна, Беларусь – адзін з асноўных накірункаў работы швайцарскага аддзялення Amnesty International».
Звяртаючыся да сваіх грамадзянаў, швайцарскія праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў Беларусі праваабаронцы і актывісты апазіцыі пераследуюцца і прысуджаюцца да доўгіх тэрмінаў турэмнага зняволення, што рэпрэсіўныя законы абмяжоўваюць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду аб\’яднанняў, што пад сталым запалохваннем і пераследам знаходзяцца актывісты няўрадавых арганізацый.
«Для нас гэта вельмі важна яшчэ і таму, што ў Швайцарыі цяпер існуе рух, які выступае супраць Еўрапейскай Канвенцыі правоў чалавека. І мы падаем Беларусь як прыклад краіны, якая не падпісала гэтую Канвенцыю еўрапейскай краіны, каб паказаць, якія грубыя парушэнні правоў чалавека там адбываюцца», – адзначае Ірыс Бішоф.