«Уся мужчынская праца была на Міколу». Як Марына, сабака, трое катоў і сінічкі чакаюць Міколу Статкевіча
Палітык Мікалай Статкевіч – адзін з 220 беларускіх палітвязняў, якія апынуліся ў турме падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Лідар партыі «Народная грамада» зняволены паводле крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў.
За гады прэзідэнцтва Лукашэнкі Мікалай Статкевіч мае ўжо чацвёртую крымінальную справу і з рознымі перапынкамі адбыў каля 8 гадоў турмы. Як і ў мінулыя гады, удома палітыка чакае жонка Марына Адамовіч.
У цёмныя часы ў доме павінна быць больш святла
– Гэта праца Міколы – ён яе любіў і заўсёды рабіў з задавальненнем, – Марына Адамовіч шуфлем чысціць снег на ганку: сям’я жыве ў прыватным доме. – І ўвогуле ўся мужчынская праца – на Міколу. А я птушак кармлю, але так заўсёды было, колькі я тут жыву.
Марына насыпае семачкі ў кармушкі, развешаныя на дрэвах перад вокнамі дому. Там ужо прымацаваныя і падзяўбаныя кавалачкі сала: на голлі ў чаканні – верабʼі і сінічкі.
У доме Стакевічаў – навагодняе ўбранства: на стале – калядны вянок са свечкамі і ялінка, упрыгожаная белымі і чырвонымі шарыкамі.
– Мы не да такой ступені захоўваем святочную атмасферу, каб як у анекдоце: «Слабак! Першага траўня елку выкінуў!» Але прынамсі да лютага не прыбіраем, – смяецца гаспадыня. – Ялінку ставілі заўсёды – нават у самыя трагічныя гады, бо Новы год і Каляды – гэта светлае свята. А ў цёмныя часы святла ў доме павінна быць больш.
Я чакаю вясну – ва ўсіх сэнсах гэтага слова
Марына Адамовіч захоўвае бадзёрасць духу насуперак акалічнасцям: муж Мікола Статкевіч у турме каля 8 месяцаў.
– Нашу машыну заблакавалі проста пасярод дарогі – непадалёку ад Лошыцкага парку. Мы ехалі на пікет падтрымання Сяргея Ціханоўскага – яго затрымалі на дзень раней. Адметнасць гэтай прэзідэнцкай кампаніі ў тым, што ніхто ўжо не лічыць патрэбным нешта тлумачыць ці называцца: у мяне адабралі ключы, Міколу выцягнулі, а я засталася ў заблакаванай машыне. Пасля ўсяго гэтага мне засталося толькі ехаць у аддзел міліцыі, напісаць заяву пра выкраданне, – узгадвае Марына.
Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня мінулага года і змясцілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна за нібыта заклікі да вулічных акцыяў у сацыяльных сетках. Па 15 содняў адміністратыўнага арышту суд прызначаў палітыку некалькі разоў. Але – як найчасцей адбываецца з палітвязнямі – на волю Міколу не выпусцілі.
Спадару Статкевічу выстаўлялі абвінавачанні паводле Крымінальнага кодэксу за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў разам з Сяргеем Ціханоўскім у Горадні.
– Насамрэч гэта ўсё цяжка перажываецца, і самае прыкрае, не ведаеш, што рабіць. Калі ў 2010 ці 2015 годзе ўсё было зразумела, то цяпер невядома, што ты можаш і мусіш рабіць. А сярод станоўчых момантаў – гэта тое, што ніколі раней не было такой еднасці, салідарнасці і падтрымкі, такога спадзявання, што грамадства змянілася незваротна. Гэта тое, што ў самыя цёмныя часы грэе, бо дае разуменне, што хутка вясна. І я таксама чакаю вясну – ва ўсіх сэнсах гэтага слова, – усміхаецца гаспадыня дому.
Хто хоча падтрымаць палітзняволеных – шліце пасылкі
Марына сядае ў «любімае крэсла Міколы», і тут жа ў пакоі зʼяўляецца «любімая дзяўчынка Лолачка» – лагодная котка, якая ахвотна пазіруе гасцям.
– У хаце, як вы разумееце, больш за адну зорку не бывае. І ў нас яна таксама адна, але гэтая «зорка» – не я, – смяецца Марына. – Як толькі ў хаце зʼяўляецца чалавек з камерай – адразу ж зʼяўляецца і Лолачка. Калі камера знікне – Лолачка пойдзе па сваіх справах. А два іншыя «шарачкі́», якія ў нас жывуць, тыя пры нагодзе адразу «ціснуць на пятку» – ці на дрэва залазяць, ці пад ложкам хаваюцца.
Перадачы, лісты, сустрэчы з адвакатам, думкі пра Міколу і іншых людзей – такі яе дзень.
– Мікола ў камеры адзін, і яму шмат перадач не трэба – ён увесь час заклікае мяне «спыніцца» ці «зменшыць імпэт». Тым больш што ён ставіцца да ежы не як да задавальнення, а як да сродку падтрымання сілаў.
На Валадарскага, дарэчы, перадачы можна рабіць хоць штодня, абмежаванні толькі ў кілаграмах – 30 на месяц. А вось па бандэролях і пасылках абмежаванняў няма, і яны не ўваходзяць вось у гэтае 30-кілаграмовае абмежаванне. Таму я звяртаюся зараз да людзей, якія хочуць падтрымаць палітвязняў: калі ласка, не нясіце ім перадачаў – шліце бандэролі і пасылкі, – раіць Марына.
Але гэтая «палёгка» існуе толькі на этапе следства, пасля прысуду тэма перадачаў робіцца сумнай і балючай, папярэджвае яна.
Сапраўдная колькасць зняволеных не паддаецца ўліку
Марына Адамовіч – адзіная блізкая сваячка, якая чакае Міколу Статкевіча тут, у Беларусі. Віктар Паўлавіч – бацька Міколы – з меркаванняў бяспекі нядаўна пераехаў жыць да старэйшага сына і брата Міколы ва Украіну. Днямі ён адсвяткаваў 95-гадовы юбілей.
– Вядома, ён хвалюецца, і перажывае, і чакае. Яшчэ ў той, ранейшы час, калі бацька пачынаў жаліцца, маўляў, ай, не дачакаюся, памру, то Мікола адказваў: той, хто чакае, дачакаецца, – узгадвае Марына.
За прэзідэнцтва Лукашэнкі Мікола Статкевіч агулам адбыў у турме каля васьмі гадоў.
– Зараз відавочна, што «гайкі закручваюцца» штодня ўсё больш і больш. І нічога не застаецца, што магло б гэта спыніць, – працягвае яна. – Асабліва гэта бачна ў чарзе з перадачамі – людзей стала ў разы больш. Я ўжо неяк спрактыкавалася адрозніваць амаль беспамылкова, калі чалавек прыехаў адкульсьці здалёк ці хтосьці прыйшоў першы раз. Літаральна за два дні ў чарзе я спаткала чатыры сямʼі, якія нават не звярталіся да праваабаронцаў.
Гэта азначае, што кожны дзень людзей хапаюць і кідаюць за краты, і мы нават не ведаем, колькі такіх людзей, пра якіх ніхто не ведае. Некаторыя сваякі вельмі катэгарычна настроеныя і нават не збіраюцца нікуды звяртацца. Верагодна, спрацоўвае ціск, кшталту «сідзіце ціха і вашава рыбёнка адпусцяць». Але ў выніку сапраўдная колькасць зняволеных – яна не паддаецца ўліку. Чэргі, асабліва перад святамі, яны проста каласальныя.
Дыктатура ў датацыйнай краіне – марны занятак
Марына і Мікола за восем месяцаў не бачыліся ніводнага разу: у сустрэчах сужэнцам адмаўляюць – застаюцца толькі лісты. Але і лісты праходзяць з вялікімі цяжкасцямі, жаліцца Марына.
– Вось тут яны па пакуначках, – гаспадыня дастае лісты і паштоўкі з адмысловай сумкі. – Да Дня народзінаў Мікола не атрымаў ніводнага віншавання, хоць толькі я адправіла чатыры. І зараз яны хвалямі ідуць: альбо тыднямі няма, альбо па сто лістоў. Можа, там цэнзары хварэюць ці «перагружаныя», з улікам колькасці палітвязняў?
Марына кажа, што лісты – вельмі асабістыя, а некаторыя паштоўкі зачытвае.
– Міколу іх вельмі шмат дасылаюць людзі, а ён скіроўвае іх мне. Вось адна – акварэлька са снегіром – я літаральна заплакала: «Не мерзні, птушанятка, вясна ўжо блізка»…
У лістах Мікола абавязкова піша нейкую рэфлексію на тое, што адбываецца ў краіне і што ён убачыць «па тазіку», – смяецца Марына.
– Я перадала яму невялічкі тэлевізарчык, і там неяк так размешчаная разетка, што ўключыць яго можна, толькі паставіўшы на тазік. Таму ўсе навіны ён называе – «навіны з тазіка». Ведае Мікола і пра канцлагеры, куды хочуць людзей зганяць. Але, як я мяркую, то яны самі ўжо ў канцлагеры жывуць – за платамі і агароджамі, толькі калючага дроту не хапае.
Мікола – вельмі моцны чалавек. І гэтая непахіснасць і моц – яна ўвесь час і ў ягоных лістах. Ён перакананы, што сітуацыя незваротная, і перамены непазбежныя. Бо дыктатура патрабуе шмат грошай, а дыктатура ў датацыйнай краіне – гэта марны занятак, – кажа Марына.
«Раней беларускіх дыяспараў у свеце нібыта і не было»
Разам з дэлегацыяй Беларусі Марына Адамовіч прымала прэмію імя Андрэя Сахарава ў Бруселі ў снежні 2020 года. Але не менш за падзею жанчыну ўразіла сустрэча з беларускай дыяспарай Бельгіі.
– Беларусы нарэшце адчулі гонар за сябе, за сваю краіну, за прыналежнасць да беларускага народу. Раней беларускіх дыяспараў у свеце нібыта і не было. А цяпер як ніколі: усе пабачылі, колькі беларусаў у свеце, як яны любяць сваю краіну, як хочуць дапамагчы ў нашым змаганні за свабоду, – распавядае Марына.
У Марыны вельмі цёплы калядны ўспамін, як беларуская дыяспара ладзіла сустрэчу каля Еўрапарламенту.
– А мне дык пашанцавала ўтрая: нашыя цудоўныя жанчынкі, бельгійскія беларусачкі, арганізавалі цудоўную паездку ў Бруге. А па дарозе – яны ж нармальныя жанчыны, па дарозе прымаюць рашэнні – вырашылі: давайце мы заедзем яшчэ на ўзбярэжжа Паўночнага мора. Кшталту «шалёнаму воўку сто вёрстаў не круг», а тут толькі дваццаць пяць было, – смяецца Марына. – І гэта быў абсалютна чароўны вечар з цудоўнымі людзьмі.
З падворку дому Статкевічаў гасцей праводзіць «маладое дараванне» – няўрымслівы сабака пароды аўчарка. У адсутнасць Міколы ён штодня даказвае жанчыне, хто ў доме гаспадар:
– Сабачая будка амаль разабраная па дошках, а плот давялося абіваць металічнымі лістамі, – каб паразмаўляць з гасцямі, гаспадыня закрывае «гаспадара» на верандзе.
Сапраўднага гаспадара і палітвязня ўдома працягваюць чакаць Марына, сабака, трое катоў і сінічкі.
Галіна Абакунчык, Белсат