Навіны

Мікола Статкевіч: Калі дзяржава не фармуе ў сваіх грамадзянаў уласнай нацыянальнай ідэнтычнасці, то ў іх сфармуецца чужая

Пасля ўкраінскіх падзей “георгіеўскія” стужкі ўжо выглядаюць не ўзнагародай уласаўскай РОА ці стужкай да савецкага ордэна “Слава”, а сімвалам агрэсіўнага расійскага шавінізму,лічыць кандыдат ў прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязень магілёўскай турмы №4 Мікалай Статкевіч.

Пра гэта ён напісаў у лісце да жонкі, Марыны Адамовіч:

Узгадваю пра тваё назіранне, што палова міліцэйскіх машынаў у Мінску “упрыгожаныя”, [насуперак афицыйным парадам, М.А.] гэтак званымі, “георгіеўскімі стужачкамі”, – напісаў Мікалай Статкевіч.

Шчыра кажучы – уражаны.

Пасля ўкраінскіх падзей тыя стужкі ўжо выглядаюць не ўзнагародай уласаўскай РОА ці стужкай да савецкага ордэна “Слава”, а сімвалам агрэсіўнага расійскага шавінізму.

Цікава, што будуць рабіць такія абаронцы парадку ў незалежнай Беларусі, калі Пуцін, напрыклад, у 2017 годзе вырашыць падняць перад выбарамі свой рэйтынг шляхам “вяртання дахаты” яшчэ адной часткі “рускага свету”? Мабыць, пабягуць “зялёным чалавечкам” дарогу паказваць.

Такая сітуацыя цалкам зразумелая, бо, калі дзяржава не фармуе ў сваіх грамадзянаў уласнай нацыянальнай ідэнтычнасці, то ў іх сфармуецца чужая. Святое месца ж пустым не бывае.

Акрамя вайны, вядомыя тры спосабы фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці – агульная адметная мова, агульная адметная рэлігія і славутая гісторыя. Пра мову не буду – усім вядома, куды яе загналі, асабліва за апошнія 20 гадоў. Рэлігія таксама не можа быць у нас нацыястваральным фактарам – мы ж шматканфесійны народ. А тое, што большасць паходзяць з праваслаўных сем\’яў, нават нясе зараз дадатковую пагрозу агрэсіі, бо ў Расіі, як і 500 гадоў таму, актывізаваліся ідэі “палітычнага праваслаўя”. Насьбіты гэтых ідэй, якія звычайна ў жыцці хрысціянскімі прынцыпамі не кіруюцца, разглядаюць праваслаўе суседніх народаў, як нагоду для іх падпарадкавання і паглынання.

Такім чынам, застаецца толькі гісторыя. Але, ствараецца ўражанне, што нашая дзяржава цягам апошніх 20 гадоў актыўна змагалася супраць сваёй гісторыі. Па загаду генеральнага спонсара з Усходу, ці што? Праўда, апошнім часам назіраю нясмелыя спробы афіцыйнага ТV звярнуцца да беларускай гісторыі. Апошняя з іх – фільм “Беларуская шляхта. Брутальная гісторыя”, паказаны па БТ-3. Нягледзячы на відавочныя абмежаванні – гэта крок у правільным накірунку”

30.06.2014.