Навіны

Статкевіч-старэйшы: "Я хачу, каб сын закрыў мае вочы, калі я памру"

Мікола Статкевіч – адзіны экс-кандыдат у прэзідэнты, якому дзейны прэзідэнт Лукашэнка дагэтуль не даруе волю. 12 жніўня Статкевіч сустрэў за кратамі ўжо чацвёрты дзень нараджэння. Пра дзяцінства, характар і шлях у палітыку “IP”пагутарыла з яго 88-гадовым бацькам Віктарам Паўлавічам, які жыве на самоце ў Баранавічах.

Дзяцінства

Гледзячы на малога Міколу, я не сказаў бы, што ён будзе палітыкам. Звычайнае дзіця. Хіба што вельмі акуратны быў, асабліва да адзення. Бывала, купім касцюмчыкі Сашу (старэйшы сын Статкевічаў. – Аўт.) і Міколу – дык старэйшы тыдзень паносіць адзенне, і яно ўжо ніякага выгляду не мае, а на Міколу касцюм быў заўжды як новенькі.

Фота: intex-press

Кнігі

А вось шмат чыталі абодва сыны. І абодва пайшлі ў школу на год раней. Вучыліся добра – настаўнікі ўвесь час іх хвалілі. Хаця мы дзяцей асабліва не кантралявалі. Раслі ды раслі. Я за ўсё жыццё нават ні разу ў кут дзяцей не паставіў. Ды і не было за што іх караць.

Свой шлях

Мікола ніколі не любіў хадзіць па пройдзеным шляху, заўсёды шукаў свой. Калісьці ў школе ўсім класам даказвалі каля дошкі тэарэму. Мікола ў гэтым не ўдзельнічаў, крэмзаў нешта сваё ў сшытку. Настаўнік бачыў, што мой сын спрабуе выканаць заданне неяк па-свойму, і не чапаў. Дык пасля выйшла, што Мікола зрабіў доказ хутчэй за ўвесь клас.

Характар

Калі Мікола здаваў уступны экзамен у інжынерную зенітна-ракетную вучэльню ў Мінску, у яго ніяк не атрымлівалася рашыць нейкую задачу, з чаго ён зрабіў выснову, што ўмовы задання складзеныя няправільна. Ён падышоў да камісіі і сказаў пра памылку. Тады выкладчык прапанаваў яму сфармуляваць заданне правільна. Мікола сфармуляваў, і яму паставілі пяцёрку. Пасля той выкладчык хваліў мне майго сына за характар: “Малайчына, не пабаяўся…”

Фота: intex-press

Пагоны

Звязаць свой лёс з войскам Міколу ўгаварыў мужык жончынай сястры, які сам быў вайскоўцам. Служыў Мікола ў Карэліі, удасканальваў ракетную апаратуру. Аднойчы праводзіліся вучэнні, была штабная праверка, і нейкі пускавы механізм зламаўся, ніхто з маёраў і палкоўнікаў не змог наладзіць. Тады генерал кажа майму сыну: “А што ты, лейтэнант, стаіш? Давай, паспрабуй!” А Мікола ўзяў ды паправіў. Тады генерал аддаў загад: майго сына прызначыць начальнікам эшалона, а маёра – яго падначаленым.

Праклятая палітыка

У тую праклятую палітыку Мікола палез у гарбачоўскія гады, калі ўзначаліў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. Пасля выступу на мітынгу ў Мінску супраць ГКЧП яго адразу забралі ў КДБ. Кадэбэшнік тады сказаў яму, маўляў, па табе турма плача. А тут па радыё перадаюць, што ГКЧП ляснуўся. І той жа кадэбэшнік умомант паціснуў Міколу руку. Адзін таварыш сына мне пазней сказаў: калі яны ішлі тады на плошчу – кожны ў думках развітаўся са сваімі сем\’ямі. Калі б сітуацыя імкліва не змянілася, іх маглі б проста расстраляць.

Бацькі і дзеці

Мы ўвесь час адгаворвалі сына ад палітыкі, асабліва маці. Мы цудоўна разумелі, што гэта такое. А Мікола казаў, што гэта яго жыццё. Ён заўжды сам выбіраў свой шлях – задавальняла нас тое або не. Цяпер усё яго жыццё як пад дамоклавым мячом. 

Турма

Майго сына ўжо дзясяткі разоў затрымлівалі і саджалі ў турму, але прывыкнуць да гэтага нельга. Вядома ж, што такое турма. Я цяпер усе вокны адчыняю, бо не магу, задыхаюся, а там жа ўсё замкнёна. Але што ж зробіш: Мікола не прымае ніякай дыктатуры.

Вязень сумлення

Чуў, што майго сына ў свеце прызналі вязнем сумлення. Але што з таго? Мне ўжо 88 гадоў, я жывы труп, і я хачу, каб сын закрыў мае вочы, калі я памру. У каго ёсць свае дзеці – той мяне зразумее.

Алесь Гізунintex-press, tut.by