Актуальна

Лябедзька: З боку ЗША гандлю каштоўнасьцямі дэмакратыі ня будзе

Выкананьне правоў чалавека і дэмакратычных нормаў жыцьця ў Беларусі па-ранейшаму застаецца найважнейшай умовай для наладжваньня плённага дыялёгу паміж гэтай краінай і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Пра гэта казалі сёньня сябры міжведамаснай дэлегацыі ўраду ЗША. Яе візыт у Менск будзе доўжыцца да 11 верасьня.

9 верасьня ў другой палове дня амэрыканская дэлегацыя сустрэлася зь лідэрамі беларускай апазыцыі. Менавіта падчас гэтай размовы амэрыканцы і гаварылі, што выкананьне правоў чалавека і асноўных свабодаў застаецца найважнейшай умовай для наладжваньня дачыненьняў з кіраўніцтвам Беларусі. Злучаныя Штаты заяўляюць, што адступаць тут ня маюць намеру. Пра гэта нашаму радыё распавёў удзельнік сустрэчы, якая праходзіла ў амбасадзе ЗША, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Гэта, канечне, візыт глыбокага маніторынгу, вывучэньня сытуацыі, усьведамленьня, наколькі беларускія ўлады гатовыя мяняцца. З гэтага будуць зробленыя пэўныя высновы, і, я думаю, створаны плян канкрэтных дзеяньняў.

Што датычыцца адчуваньняў, то ня будзе з амэрыканскага боку гандлю каштоўнасьцямі дэмакратыі, правоў чалавека і свабодаў. І тут Лукашэнку будзе цяжка дамовіцца, каб размаўляць далей толькі пра эканоміку і фінансы. Трэба будзе размаўляць і пра палітыку.

Што да нас, то тут галоўнае пасланьне было такое — вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і правядзеньне свабодных, справядлівых выбараў».

У склад дэлегацыі ўваходзяць намесьнік адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці Пэйдж Александэр, намесьнік памочніка дзяржсакратара ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працыТомас Мэлія і намесьнік памочніка міністра абароны ў пытаньнях Расеі, Украіны і Эўразіі Эвэлін Фаркакс. Перад сустрэчай з апазыцыянэрамі яны наведалі Міністэрства замежных спраў Беларусі.Тут іх прымаў намесьнік міністра Аляксандар Гур’янаў.

 

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык адзначае, што сёньня дэлегацыі дамовіліся не спыняцца, а працягваць беларуска-амэрыканскі дыялёг:

«Мы абмеркавалі магчымасьці ўзнаўленьня і пашырэньня ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі ў пэўных галінах супрацоўніцтва, абмяняліся поглядамі на стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў. Таксама мы безумоўна закранулі пытаньні, па якіх цяпер у бакоў існуюць рознагалосьсі, і выказалі па іх свае прынцыповыя пазыцыі. Мы дамовіліся аб працягу дыялёгу для забесьпячэньня далейшай нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў».

 

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на склад амэрыканскай дэлегацыі. Прысутнасьць у ёй чыноўнікаў, якія займаюцца дэмакратыяй і правамі чалавека, — гэта звычайная справа для афіцыйных дэлегацыяў Амэрыкі, якія наведваюць так званыя праблемныя краіны, кшталту Беларусі. А вось амэрыканскіх афіцыйных вайскоўцаў у Беларусі не было ўжо даволі даўно, — падкрэсьлівае спадар Якаўлеўскі:

«Беларусь удзельнічае ў так званым аўганскім транспартным транзыце. Ідзе груз, як кажуць, цывільны, праз парты Балтыі, затым празь Беларусь, Расею, Цэнтральную Азію ў Аўганістан. І, адпаведна, груз адтуль. Некаторыя экспэрты лічаць, што для Беларусі важны ўдзел у гэтым маршруце, бо гэта дае ёй падставы для пэўных бонусаў. Іншыя экспэрты лічаць, што гэтага ня трэба перабольшваць, бо ёсьць іншы транспартны калідор — паўднёвы, празь які перакідваецца значна больш грузаў. Я думаю, што ў Менску будзе гутарка на гэтую тэму.

І, безумоўна, улічваючы дамінуючую ролю Злучаных Штатаў у НАТО і сёньняшнюю напружанасьць у дачыненьнях альянсу з Расеяй, будзе ўвага аддадзеная наяўнасьці расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. І наагул, Беларусь, як вядома, — стратэгічны партнэр Расеі ў галіне абароны.

Таму будуць пэўныя пытаньні, пра якія нам ня кажуць. У афіцыйным рэлізе амбасады ЗША напісана, што амэрыканская дэлегацыя вывучыць магчымасьці супрацы зь Беларусьсю ў галінах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс. Але гэта чыста дыпляматычны выраз».

У дэлегацыі ЗША заплянаваныя яшчэ сустрэчы ў міністэрствах абароны, адукацыі і эканомікі.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода