Парфянкоў 90% часу зьняволеньня правёў у адзіночцы
Палітвязень Васіль Парфянкоў выйшаў з чарговага карцэру, дзе адбыў 10 дзён паводле прыдуманага, як ён мяркуе, адміністрацыяй парушэньня.
Пра гэта палітвязень паведаміў у лісьце актывістцы Вользе Мікалайчык, зь якой лістуецца.
«Нарэшце, пасьля 10 дзён маўчаньня, атрымала ад яго ліст, у якім пацьвердзіліся нашы падазрэньні, што ён зноў быў кінуты ў карцэр. Напісаў, што пакуль сядзеў, то заняўся статыстыкай. Падлічыў, што з 253 дзён, якія ён на той момант прабыў у горацкай калёніі, 226 дзён знаходзіўся ў адзіночнай камэры: альбо ў карцэры, альбо ў ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу. Напісаў, што зь нецярпеньнем чакае вызваленьня. На той момант яму заставалася сядзець 45 дзён. Настрой у яго бадзёры, трымаецца», — распавяла Вольга Мікалайчык.
Мянчук Васіль Парфянкоў адбывае пакараньне ў калёніі ў Горках. Актывіста асудзілі на год зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду, пад які яго паставілі пасьля затрыманьняў на акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.