Бяляцкі: Улады ўжываюць тактыку «кропкавых рэпрэсіяў»
Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца стабільна кепскай, што засьведчыла справаздача аб сытуацыі ў Беларусі спэцыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харасьці
Пра гэта Радыё Свабода заявіў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі.
Камэнтуючы даклад аб сытуацыі ў Беларусі спэцыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харасьці, Бяляцкі пагадзіўся зь ягонай галоўнай высновай — што за апошні год сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна не зьмянілася.
«Я таксама падзяляю гэтую думку. Мы проста бачым, што сапраўды нічога за гэты час у нас не памянялася ў лепшы бок. Усё стабільна кепска. Улада цалкам кантралюе ўсе сфэры грамадзкага жыцьця, і калі праяўляецца нейкая актыўнасьць ці з боку моладзі, ці з боку незалежных прафсаюзаў, ці з боку незалежных журналістаў, то яна адразу гасіцца», — адзначае праваабаронца.
Бяляцкі зьвяртае ўвагу на распачатую ўладамі кампанію адміністратыўнага перасьледу моладзевых актывістаў і журналістаў-фрылансэраў, што, на ягоную думку, зьвязана з падрыхтоўкай праваахоўных органаў да прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.
«Можна меркаваць, што тыя мэтады ціску на грамадзтва, якія выпрабоўваліся за апошні год (я маю на ўвазе і перасьлед незалежных журналістаў, і прэвэнтыўныя затрыманьні грамадзкіх актывістаў), — яны будуць актыўна ўжывацца і падчас выбарчай кампаніі. Таму тактыка такіх кропкавых рэпрэсіяў і кантролю за сытуацыяй, якая выгадная беларускім уладам, будзе захоўвацца», — лічыць старшыня ПЦ «Вясна».
Што тычыцца нядаўніх зьменаў заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях і палітычных партыях, — Харасьці адзначыў гэта як прыклад станоўчай тэндэнцыі, — то Бяляцкі ня лічыць гэтыя папраўкі значнай зьявай.
«Там былі ўнесеныя касмэтычныя праўкі, але абмежавальная сутнасьць гэтага заканадаўства ў адносінах да грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў застаецца. Мы гэта бачым на практыцы: новыя арганізацыі не рэгіструюцца або рэгіструюцца вельмі цяжка і мала. Па колькасьці зарэгістраваных арганізацыяў на 1000 чалавек мы адстаём ад сваіх суседзяў прыкладна ў 10 разоў. Гэтыя лічбы гавораць самі за сябе — нічога істотнага тут таксама не зьмянілася», — кажа праваабаронца.
Трэба адзначыць, што беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць зь Міклашам Харасьці і не прызнаюць ягонага мандата спэцдакладчыка ААН. У МЗС Беларусі цьвердзяць, што дадзеныя, якія ўтрымліваюцца ў дакладах Харасьці, не адпавядаюць рэчаіснасьці.