Навіны

Алесь Бяляцкі змагаецца ў Канстытуцыйным судзе з дыскрымінацыяй зьняволеных

А прававая калізія ў тым, што асобныя артыкулы Працоўнага кодэксу не стыкуюцца з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, лічыць Алесь Бяляцкі:

«Атрымліваецца, што зьняволены, калі працуе на вытворчасьці, умоўна кажучы, зь ліпеня, ці з красавіка (як было ў маім выпадку), — да канца году, — за гэты пэрыяд ён не атрымлівае адпачынку. Атрымлівае толькі за поўны каляндарны год. Хоць паводле Працоўнага кодэксу адпачынак налічваецца зусім па-іншаму. Такім чынам, прападае першая частка няпоўнага году. І, напрыклад, калі цябе выпускаюць сярод году, як мяне — у чэрвені, — зноў жа, гэты пэрыяд за 5 месяцаў ніякім чынам ня ўлічваецца. Не выплачваюць кампэнсацыю за адпачынак, ён проста прападае, і ўсё».

Паводле часткі 4 артыкула 99 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь права на працоўны адпачынак маюць асуджаныя, якія адпрацавалі ня менш за 11 месяцаў у каляндарным годзе. За каляндарны год асуджанаму даецца адпачынак на 10 дзён: ён ня ходзіць на працу і атрымлівае за гэты тэрмін так званыя адпускныя. А калі ў каляндарным годзе асуджаны адпрацаваў менш за 11 месяцаў, ён не атрымлівае нічога.

Сам Алесь Бяляцкі ў 2012 годзе ў Бабруйскай калёніі адпрацаваў на вытворчасьці 9 месяцаў, і ў адпаведнасьці з Крымінальна-папраўчым кодэксам, ня меў права на адпачынак. Працоўны адпачынак яму быў дадзены толькі ў 2014 годзе — за 12 месяцаў працы ў папярэднім, 2013 годзе. У 2014 годзе ён таксама адпрацаваў з 1 студзеня па 20 чэрвеня, і пры вызваленьні не атрымаў кампэнсацыі за нявыкарыстаны працоўны адпачынак.

Андрэй Чалапа адбываў зьняволеньне ў дзьвюх папраўчых установах — у Магілёве і Івацэвічах. Практычна ўвесь тэрмін працаваў. Што да права на адпачынак, распавёў:

«Адзін тыдзень у калёніях былі адпачынкі, толькі адзін тыдзень. Гэта парушэньне, але паўсюль такая практыка».

Карэспандэнтка: «Нават не 10 дзён, а тыдзень?»

«У нас давалі тыдзень Любая калёнія — гэта закрытая ад закону тэрыторыя. Там не працуюць ніякія законы. Некаторым зьняволеным наагул не давалі адпачынкаў. Бо гэта ўсё на вырашэньне адміністрацыі. А калі людзі толькі пачыналі гаварыць пра адпачынак, ішлі карныя захады. Зь цябе рабілі злоснага парушальніка. Там немагчыма нічога даказаць. Калі ты зь нечым нязгодны, там проста дыскрэдытуюць».

На думку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, «такое заканадаўчае рэгуляваньне парушае канстытуцыйны прынцып юрыдычнай роўнасьці ўсіх перад законам і права не зазнаваць дыскрымінацыі, замацаваныя ў артыкуле 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ставіць у няроўныя ўмовы асуджаных, якія працуюць у месцах пазбаўленьня волі, і грамадзянаў, якія працуюць свабодна».

Кіраўнік «Вясны» разглядае праблему ў кантэксьце агульнай сытуацыі з выкарыстаньнем прымусовай працы ў Беларусі:

«Улады распачалі шырокую кампанію па барацьбе з дармаедзтвам. Прымушаючы людзей працаваць, яны зусім ня хочуць справядліва аплочваць гэтую працу. А ў выпадку са зьняволенымі дык і ўвогуле аплата працы нагадвае нейкі зьдзек», — кажа Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца распавёў, што ягоны месячны заробак за апошні час у калёніі складаў «чыстымі» 20–40 тысяч рублёў.

У лісьце ў Канстытуцыйны суд спадар Бяляцкі заяўляе пра неабходнасьць праверыць канстытуцыйнасьць асобных палажэньняў артыкула 99 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь — у частцы парадку вызначэньня тэрміну, які асуджаны павінен адпрацаваць дзеля атрыманьня права на штогадовы адпачынак, устанавіць неадпаведнасьць гэтай нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Іна Студзінская, Радыё Свабода