«Ноч расстраляных паэтаў» у Нямеччыне
29 кастрычніка 2021 года • Бонн, Германія
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў.
Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 год, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 год), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 год), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 год). Расстрэл 29.10.1937 стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі.
Хваля гэтая доўжылася з 1929 па 1938 год, мела мэтай знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень – расстраляныя, дзясяткі адпраўленыя ў лагеры і загінулі ў ГУЛАГу.