Мікалай Статкевіч пра міжнародную салідарнасць
Лёс, на мой погляд, – катэгорыя значна больш доўгатэрміновая, чым нават 6 гадоў, што адмерыў мне суд. І наракаць мне на яго няма за што – сам абраў і не шкадую.
Пра свой лёс, пра давер да дэмакратычных лідараў і пра міжнародную салідарнасць піша Мікалай Статкевіч.
“За кратамі ён застаецца верным сабе, – кажа Марына Адамовіч, жонка палітвязня. – У сваіх лістах Мікалай пастаянна звяртаецца да самых вострых пытанняў. І, найперш, да неабходнасці ў любых умовах “гуляць па сваіх правілах”, не прымаць ганебных “правілаў гульні”, якія навязвае ўлада”.
У апошніх лістах Мікалай Статкевіч ізноў звярнуўся да гэтай тэмы, разважаючы пра магчымыя стратэгіі апазіцыі на наступную кампанію.
У прыватнасці, ён закрануў тэму даверу да дэмакратычных лідараў і ролі асобы таго, хто прадстаўляе праграму пераменаў у несвабодным грамадстве:
“Любую, самую лепшую праграму можна скампраментаваць у вачах большасці, калі яе будзе прэзентаваць той, каго палічаць слабаком і баязліўцам. Ці “клоўнам”, што пакорліва гуляе прызначаную яму ролю ў чужым спектаклі.
Здаўна ж вядома – каб скампраментаваць ідэю, заўсёды імкнуліся скампраментаваць яе аўтара”,- кажа Мікалай Статкевіч, адзіны з кандыдатаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, які да сённяшняга дня знаходзіцца за кратамі.
Звяртаючыся да лістоў падтрымкі з зычаннямі паляпшэння лёсу, якія ён атрымлівае, палітвязень Статкевіч піша: “Лёс, на мой погляд, – катэгорыя значна больш доўгатэрміновая, чым нават 6 гадоў, што адмерыў мне суд. І наракаць мне на яго няма за што – сам абраў і не шкадую.
А сітуацыю сваю я, безумоўна, хацеў бы палепшыць, але ж не любым коштам”, – кажа ён, маючы на ўвазе шматразовыя прапановы “пакаяцца” перад тымі, хто незаконна ўтрымлівае яго у турме ўжо амаль чатыры гады.
На гэтым тле асабліва цынічна выглядаюць пошукі “пазітыўных сігналаў”, пра якія так упарта апошнім часам разважаюць шматлікія еўрапейскія чыноўнікі.
Да аднаго з іх, літоўскага прэм\’ер-міністра Альгірдаса Буткявічуса, які адначасова з\’яўляецца і старшынём Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы – партнёра БСДП (НГ), Мікалай Статкевіч звяртаўся з лістом у мінулым годзе, калі з\’явіліся звесткі ад магчымым візіце першых асобаў Літвы ў Беларусь.
Днямі такі візіт усё ж адбыўся. Літоўскі прэм\’ер-міністр наведаў Магілёў, дзе браў удзел у Х Беларуска-літоўскім эканамічным форуме і сустракаўся з вышэйшымі беларускімі чыноўнікамі.
Гэта выклікала непаразуменне ў Мікалая Статкевіча, які напісаў:
“4 лістапада ў Магілёве быў старшыня братняй па Сацынтэрну партыі. Усё, што я думаю наконт такіх паездак, я ўжо напісаў яму ў мінулым годзе, калі пайшла інфармацыя аб мажлівасці такога мерапрыемства. Тады ад яго імя перадалі адказ, што такой паездкі не плануецца. Цяпер магу паўтарыць тое, што пісаў тады – мая ж пазіцыя не мяняецца, адрозна ад гэтых “вельмі еўрапейцаў”.
Ад рэдакцыі дадамо, што, калі ў пошуках эканамічных дабротаў дэмакратычныя краіны адмаўляюцца ад дэкларуемых прынцыпаў і ідэалаў, то, звычайна, яны страчваюць і грошы, і ідэалы.