Выбары

Андрэй Саннікаў: Нельга ўдзельнічаць у выбарах, пакуль за кратамі кандыдат у прэзідэнты

У беларускай апазіцыі няма маральнага права ўдзельнічаць у выбарах.

У ноч пасля апошніх выбараў, не прызнаных ні Еўразвязам, ні ЗША, адбыліся масавыя арышты і збіцьцё мірных дэманстрантаў. Сем з дзевяці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся за кратамі. Адзін з іх – Мікалай Статкевіч (лідар партыі «Народная Грамада») – знаходзіцца там да гэтага часу.

Апошнім удзельнікам прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якога пасля двух з паловай гадоў зняволення беларускія ўлады наважылі вызваліць, быўАндрэй Саннікаў. Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выйшаў на свабоду 14 красавіка 2012 года і неўзабаве быў вымушаны пакінуць краіну і папрасіць палітычнага прытулку ў Еўропе, дзе ён і жыве з сям\’ёй сёння.

За год да наступных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі «Голас Амерыкі» наважыў пагаварыць з палітыкам аб палітычных рэаліях у краіне сёння і перспектывах апазіцыі на выбарах 2015 года.

– Андрэй Алегавіч, як ваша самаадчуванне? Як вам Еўропа? Вы адаптаваліся да жыцця вольнага чалавека?

– Гэта не зусім правільнае пытанне. Я тут у вымушанай эміграцыі, і гэта не жыццё вольнага чалавека. Так, вакол мяне свабодныя краіны, свабодныя людзі… Але…

– Цягне на радзіму?

– Радзіма – адна. Натуральна, я хачу жыць дома.

– Кажучы аб радзіме, літаральна некалькі месяцаў таму ў інтэрв\’ю «Голасу Амерыкі» вядомы беларускі праваабаронца Алег Воўчак, апісваючы палітычную апазіцыю ў Беларусі, заявіў, што «там засталося толькі выпаленае поле».

– Я згодны з тым, што цяпер самы цяжкі перыяд для беларускай апазіцыі. Аднак я не згодны з тым, што гэта тычыцца толькі палітычнай апазіцыі. Паколькі так справы ідуць і ў праваабаронцаў, і ў грамадзянскай супольнасці, і незалежных СМІ.

– На Захадзе ў апошнія гады некаторыя аналітыкі крытыкавалі беларускую дэмакратычную апазіцыю за тое, што яна не ў стане згуртавацца і вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты. У чым складаецца праблема?

– Праблемы ў вылучэнні адзінага кандыдата ніколі не было. Праблема заўсёды складалася ў пытанні, як пазбавіцца ад дыктатуры? Менавіта гэта і павінна быць ва ўвазе палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, простых людзей, якія хацелі б змяніць сітуацыю. Гэтыя пытанні ўжо нагналі аскому і яны адводзяць ад галоўнага пытання: што рабіць і як пазбавіцца ад дыктатуры?

– І што ж трэба рабіць, на ваш погляд?

– Не прызнаваць дыктатуру ні ў якім выглядзе. Цяпер вельмі небяспечны момант: украінская сітуацыя ўнесла сур\’ёзныя змены ва ўнутрыпалітычнае жыццё Беларусі. Тыя людзі, якіх задавальняе беларуская ўлада, выкарыстоўваюць гэтую сітуацыю, каб апраўдаць існаванне гэтай дыктатуры і каб апраўдаць сваё існаванне пры ёй. Таму трэба шукаць шляхі поўнага непрызнання гэтай дыктатуры і займаць прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да цяперашняй беларускай улады ў Беларусі.

– Але Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо больш за 20 гадоў і будзе справядлівым заўважыць, што гэта непрызнанне не зусім працуе.

– Я б сказаў, што яно працуе, паколькі менавіта за кошт гэтага непрызнання сёння мы не маем больш складанай сітуацыі: забітых палітычных праціўнікаў і тых, што сядзяць у турмах. Дзякуючы такой пазіцыі нам удалося прыпыніць палітычныя забойствы, якія, на жаль, аднавіліся ў 2010 годзе.

– Прабачце, вы маеце на ўвазе смерць Алега Бябеніна (заснавальніка апазіцыйнага інфармацыйнага сайта charter97.org)?

– Так, менавіта. Ён быў маім сябрам. Яго забойства зноў увяло нас у канец 90-х гадоў. Трэба не забываць, што людзей практычна літаральна забівалі ў турмах пасля 19 снежня 2010 года, гэта значыць, можна сказаць, што многія засталіся жывыя проста цудам, уключаючы і мяне.

– Скажыце, а хто, на ваш погляд, павінен балатавацца ад апазіцыі ў наступным годзе і на самай справе зможа падаць нейкі палітычны капітал, за які будуць галасаваць людзі?

– Я не гляджу на сітуацыю праз гэтыя катэгорыі. Сёння няма сэнсу шукаць адзінага кандыдата, які будзе цалкам кантралявацца спецслужбамі, ні разглядаць якісьці ўдзел у выбарах. Я не бачу шанцаў змяніць сітуацыю, падыгрываючы такому сцэнару выбараў.

– Гэта значыць, вы мяркуеце, што беларуская апазіцыя не павінна ўдзельнічаць у наступных выбарах прэзідэнта?

– Я мяркую, што не павінна. Дакладней будзе сказаць, што ўдзельнічаць можна, але без Лукашэнкі. Гэта і магло б стаць рухавіком любой кампаніі апазіцыі – за выбары без Лукашэнкі і за вызваленне палітвязняў.

– А Захад можа неяк дапамагчы ў гэтым?

– Трэба быць адданым сваім прынцыпам. Нельга казаць, давайце падтрымаем гэтага дыктатара, бо ён – найменшае зло. Няма найменшага ліха. Апошнім часам мы бачым, што адносіны сталі наладжвацца, (Еўропа) цынічна выключыла са спісаў асоб, якім забаронены ўезд, імёны людзей, якія адказныя за рэпрэсіі, прычым супрацоўнікаў КДБ, суддзяў. Еўропа павяла сябе вельмі дзіўна ў сітуацыі, калі ў турмах працягваюць знаходзіцца палітзняволеныя, перш за ўсё Мікалай Статкевіч. Разумееце, у апазіцыі проста няма маральнага права ўдзельнічаць у выбарах пры кандыдаце ў прэзідэнты, які адбывае пакаранне.

– Самаабвешчаная «Данецкая народная рэспубліка» на днях заявіла, што ў Менску тэрмінова варта арганізаваць чарговую сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў АБСЕ, Расеі, Украіны і самаабвешчаных рэспублік. У гэтым кантэксце, як вы ставіцеся да міратворчай дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі?

– Я б нават не стаў называць гэта міратворчай дзейнасцю. З самага пачатку я адмоўна ставіўся да арганізацыі падобных сустрэч у Менску і выказваўся пра гэта публічна. Трэба разумець, што ў Менску ўжо была праведзеная паспяховая расейская аперацыя па прызнанні баевікоў і тэрарыстаў у Данбасе. І ўкраінскія інтарэсы фактычна не былі ўлічаныя на гэтых так званых перамовах. Украіна толькі губляе падчас гэтых сустрэч. Вы ж бачыце, з якой лёгкасцю Крэмль адмаўляецца ад выканання нават мінімальных абавязацельстваў, якія ён браў на сябе на гэтых сустрэчах. Вынік будзе жаласным. Украіна аднойчы агучыла думку пра тое, што, калі нешта і абмяркоўваць, то гэта неабходна рабіць з удзелам Злучаных Штатаў і без удзелу тэрарыстаў.

– Кажучы пра Крэмль, якая дынаміка стасункаў паміж беларускім лідарам і расейскімі ўладамі сёння?

– Дынаміка такая, што ён страшна баіцца Масквы. Таму ён робіць такія заявы і ў бок Украіны і ў бок Захаду, паколькі ён разумее, што апынуўся ў ролі верхаводаў непрызнаных бандфармаванняў на ўсходзе Украіны і разумее, што Масква можа з ім разабрацца таксама, як яна ўправілася з рознымі гіркінымі. Таму ён спрабуе цяпер рабіць немагчымае. Ён хоча зрабіць больш жорсткімі рэпрэсіі, аднак яны і так адбываюцца штодня. Людзей прэсуюць увесь час, і гэта робіцца для таго, каб страх у грамадстве не знікаў і апазіцыя была цалкам паралізаваная. У той жа самы час ён гуляе з Захадам пры дапамозе лабістаў і апраўдваецца перад Крамлём за свае заляцанні. Гэта ўсё нагадвае паводзіны чалавека, якога могуць адхіліць ад улады, чалавека, які сутаргава нешта шукае і чапляецца за ўладу замест таго, каб нешта рэальна мяняць унутры краіны.

– Што павінна адбыцца, каб Беларусь, яе грамадства здабылі палітычную свабоду?

– Мусіць, адбыцца пераацэнка сваіх стасункаў з дыктатарскімі рэжымамі з боку Захаду. Яна яшчэ пакуль не адбылася. Ёсць правільная пазіцыя аб дапамозе Украіне і ўвядзенні санкцый супраць Расеі за разгорнутую ёй вайну. Аднак дачыненні з Лукашэнкам і з Аліевым, якіх чамусьці ўважаюць за меншае зло і спрабуюць выкарыстоўваць для супрацьстаяння з Расеяй. Гэта памылкова. Я думаю, што бліжэйшым часам гэтыя падыходы будуць мяняцца, бо Расея наносіць удар па Еўропе. Мы ўсе спадзяемся, што Украіна будзе незалежнай і свабоднай, выйдзе з-пад уплыву Масквы, і гэта будзе наймагутнейшы фактар, які зробіць уплыў на Беларусь.

Хартыя\’97