АналітыкаАртыкулыГомельПалітвязні

Мікалай Статкевіч: Сэнсы жыцця

Мікалай Статкевіч здолеў перадаць з-за кратаў свой артыкул. «Напрыканцы жыцця людзі, якія захавалі мысленне, задаюць сабе пытанне: «Навошта я жыў?» Адказаць на яго будзе прасцей, калі ты сваімі справамі зрабіў свет, хаця б вакол сябе, істотна лепшым», — падагульняе палітвязень.

Сэнсы жыцця

Шмат каго з нас цікавіць сэнс чалавечага жыцця. Навошта мы з’явіліся на свет, навошта нашыя існаванне і смерць? Нейкі ж сэнс ва ўсім гэтым павінен быць.

Водгукі спробаў зразумець яго адчуваюцца нават тут, за кратамі. У лістах з пытаннямі маладых людзей, у кнігах, што чытаю.

З рэпрадуктара над дзвярыма камеры перыядычна гучаць «выхаваўчыя лекцыі» – ад турэмнага распарадку да апісання заразных хвароб. Сярод гэтых лекцый жаночы голас адрывіста, пастаянна блытаючы націскі ў словах, чытае даволі змястоўны рэферат пра сэнс чалавечага жыцця. І пералічвае такую вялікую колькасць варыянтаў адказу на гэтае пытанне, што ў іх лёгка заблытацца.

Марына Адамовіч: Статкевіч дамогся таго, каб не ўдзельнічаць у фарсе

Напярэдадні сілавікі прыходзілі з ператрусамі не толькі ў мінскую Грушаўку. Белсат пагутарыў з жыхарамі мікрараёну Уручча, да якіх таксама завіталі з аглядам. Імёны герояў змененыя дзеля бяспекі. […]

Я адмовіўся ад удзелу ў «судзе» нада мной, што ўжо колькі месяцаў ідзе недзе паблізу. Часу ў мяне багата, таму паспрабую ўнесці хоць нейкую яснасць у складанае і важнае для многіх пытанне. Не, я не збіраюся даваць на яго свой унікальны адказ, бо варыянтаў адказу і так зашмат. Але паспрабую неяк упарадкаваць, класіфікаваць магчымыя сэнсы жыцця адносна людзей, а таксама людзей адносна розных тыпаў сэнсаў жыцця.

Любая класіфікацыя — умоўная. Гэта заўсёды спрашчэнне, але яно дазваляе лепей зразумець само пытанне.

I. Чаму «сэнсы жыцця», а не «сэнс»

У нармальным чалавечым жыцці не можа быць толькі аднаго сэнсу. Па-першае, яно напоўнена шматлікімі ўнутранымі сэнсамі, заснаванымі на пачуццях, эмоцыях, інстынктах. Напрыклад: каханні, любові да блізкіх, жыцця, прыроды, мастацтва, а таксама і нянавісці, сквапнасці, страху, голаду і г. д.

Па-другое, чалавек ніколі не існуе сам па сабе. Ён заўсёды ўлучаны ў сістэмы больш высокага парадку, як матэрыяльныя, так і ўяўныя — ад Сусвету і рэлігій да сям’і і традыцый асяродку. Для кожнай з іх, як і для асобных частак гэтых сістэм, існаванне чалавека мае сваё прызначэнне, свой адметны сэнс. Вонкавы свет яўна ці няяўна прапануе ці навязвае нам такія сэнсы ў якасці сэнсаў нашага жыцця. І мы, свядома ці несвядома, прымаем, адрынаем ці ігнаруем гэтыя прапановы.

Такім чынам, можна вызначыць сярод мноства магчымых сэнсаў чалавечага жыцця іх наступныя віды: унутраныя, прапануемыя і прынятыя. Калі ж нехта і бачыць у сваім жыцці толькі нейкі адзіны сэнс, адрынаючы астатнія, то гэта, хутчэй, паталогія, чым норма.

Напрыклад, для наркамана адзіны сэнс яго існавання — любым коштам здабыць і прыняць дозу наркотыка. Для маньяка — задаволіць свае хворыя жаданні з аб’ектам маніі, якім для некаторых можа быць падпільнаваная жанчына, а для некага і падпарадкаваны народ.

Мікалай Статкевіч: Цяпер надышоў час волі. Другога Крыму тут не будзе

Беларусы глядзяць на свет вачыма расійскай тэлевізіі, а, пераследуючы незалежныя СМІ, беларускія ўлады «самі расчышчаюць прастору для прапаганды». Тым не менш, другога Крыма ў Беларусі не будзе. […]

II. Прапануемыя нам звонку сэнсы жыцця

Жыццё, прырода, нацыя, дзяржава, царква, ідэалогіі, сістэмы каштоўнасцей, бізнес, начальнікі на працы, грамадскія аб’яднанні, бацькі, сужэнцы, дзеці, сябры — для кожнага з іх наша існаванне мае сваё адметнае, патрэбнае ім прызначэнне, свой неабходны ім сэнс. І гэтыя сэнсы прапануюцца нам, яўна ці няяўна, ў якасці сэнсаў нашага жыцця. Падзелім іх на тры тыпы:

1) Сэнсы-абавязкі. У выглядзе законаў, інструкцый, звычаяў, маральных нормаў іх фармулююць дзяржава, розныя адміністрацыйныя і эканамічныя структуры, традыцыі, соцыум. Напрыклад, дзяржава бачыць нас падаткаплацельшчыкамі і законапаслухмянымі грамадзянамі, іншым разам салдатамі і афармляе гэта ў выглядзе абавязковых для выканання законаў. Правячая групоўка ў недэмакратычнай краіне бачыць абавязкам яе жыхароў быць кармавой базай для ўладароў.

2) Асабістыя сэнсы жыцця. Яны звязаны з уласнымі патрэбамі чалавека і яго атачэння. Іх звычайна стымулююць нашы блізкія, якія бачаць наша прызначэнне ў тым, каб быць для іх крыніцай ці аб’ектам кахання, любові, клопату, бяспекі, павагі, гонару, дабрабыту, грошай. Таксама крыніцы асабістых сэнсаў — асяродак, масавая культура, стэрэатыпы сацыяльнага слоя.

3) Вышэйшыя сэнсы жыцця. Яны скіраваныя на высокія каштоўнасці. На агульныя справы і чалавечыя супольнасці, з якімі атаясамляе сябе асоба. Гэтыя сэнсы прапануюцца рэлігіямі, сістэмамі каштоўнасцей, ідэалогіямі і гістарычнымі і сучаснымі прыкладамі, аб’яднаннямі людзей, культурай, мастацтвам.

«Я не разумею істэрыі вакол маёй персоны»

«Калі за свабоду ніхто не змагаецца, яна знікае. Сцяг, які не з’яўляецца ў цэнтры сталіцы, пераўтвараецца ў сцяг секты. Мы хочам усё гэта вярнуць у свядомасць, мы хочам свабоды і незалежнасці Беларусі. Тыя косткі, што ўлады нам зараз кідаюць, яны пераломяць сітуацыю?» […]

 

III. Сэнсы жыццяякія мы прымаем

Прыняць нейкія з прапанаваных вонкавым светам сэнсаў жыцця — значыць, зрабіць жыццёвымі мэтамі ці прызнаць іх сваімі абавязкамі (уласнымі).

Якія з прапанаваных сэнсаў жыцця чалавек прымае, залежыць ад ступеняў яго сацыяльнай актыўнасці і адказнасці.

Генетычна і ў залежнасці ад выхавання людзі маюць розныя здольнасці да актыўнага жыцця, да самастойнага вызначэння яго мэтаў і розныя схільнасці пры выбары канкрэтных сэнсаў. Па ступенямі сацыяльнай актыўнасці і адказнасці людзей можна падзяліць на розныя групы.

Падзел такога кшталту быў зроблены біблейскім Эклезіястам, які падзяляў людзей па іх сацыяльных якасцях на дзве групы — звычайных і мудрых. Доля першых — працаваць, «есці, піць і весяліцца». Эклезіяст прыводзіць прыклад мудрага бедняка, які ўратаваў свой горад ад ворага.

Хоць, як сцвярджаюць даследчыкі, інтэлект сярэдняга чалавека зараз і змяншаецца, але ж шляхоў самарэалізацыі ў людзей стала нашмат болей, чым 2,5 тысячы гадоў таму. Таму ўвядзем яшчэ адну прамежкавую групу і падзелім людзей па ступенях сацыяльнай актыўнасці і адказнасці на тры групы:

а) сацыяльна-пасіўная большасць. Людзі з гэтай групы звычайна прымаюць для сябе толькі асабістыя прыземленыя сэнсы жыцця на аснове досведу свайго асяродку. Яны імкнуцца дасягнуць адпаведных мэтаў без рызыкі і ў межах існуючых абставін ды звыклых жыццёвых схем. Звычайна гэта: шмат зарабляць, добрая праца, уласная кватэра ці дом, сям’я, дзеці, «не горш, чым у суседзяў» і г. д. Такія мэты і складаюць сэнсы жыцця сацыяльна-пасіўнай большасці. Пэўная частка гэтай групы, увогуле, жыве па інерцыі, па прынцыпе «жыць, як набяжыць». Сэнсы жыцця ў ёй больш элементарныя. У скрайнім выпадку, аж да «знайсці грошай, каб выпіць».

б) сацыяльна-актыўная група. Гэтая частка грамадства складае ў ім некалькі дзясяткаў працэнтаў. Сацыяльна-актыўныя людзі здольныя па сваёй энергіі і ўзроўню інтэлекту планаваць уласнае жыццё, ставіць далёкасяжныя мэты і мэтаскіравана працаваць для іх дасягнення. Акрамя традыцыйных для сацыяльна-пасіўнай большасці асабістых мэтаў, яны прымаюць яшчэ і асабістыя мэты больш высокага парадку — багацце, слава, кар’ерныя ці прафесійныя вышыні, самарэалізацыя ў любімай справе. Гэтыя мэты могуць істотна ўплываць на развіццё грамадства, мяняць яго. І ў нечым выходзіць за межы асабістых сэнсаў жыцця.

Сацыяльна-актыўныя людзі гатовы да пэўнай рызыкі, да выхаду за рамкі традыцыйнага досведу. Звычайна яны цэняць свабоду, якая неабходна ім для рэалізацыі сваіх жыццёвых сэнсаў. У пэўных абставінах могуць ставіць вышэйшыя мэты, падтрымліваць перамены ў краіне, калі існуючае становішча перашкаджае іх самарэалізацыі ці глыбока закранае іх маральнае пачуццё.

в) група з высокай сацыяльнай адказнасцю. Яна складае ў грамадстве да некалькіх працэнтаў. Гэта людзі, якія, акрамя натуральных асабістых, вялікую значнасць надаюць вышэйшым сэнсам жыцця. Яны, хутчэй за ўсё генетычна, надзелены моцным пачуццём прыналежнасці да супольнасці, з якой сябе атаясамляюць, і адказнасці за яе лёс. Яны гатовыя да асабістых ахвяраў дзеля вышэйшых каштоўнасцей — свабоды, справядлівасці, салідарнасці, незалежнасці сваёй краіны. Дарэчы, у Беларусі людзей такога кшталту іх апаненты даволі трапна называюць «свядомымі» ці «змагарамі».

Чым большы маштаб супольнасці (ад суседзяў па двару да чалавецтва), каштоўнасці якой абараняе чалавек, тым большы яго маштаб як асобы.

Мікалай Статкевіч: Мой шлях — гэта рабіць усё, каб Беларусь была свабоднай і дэмакратычнай
«Упершыню за шмат гадоў экс-кандыдат у прэзідэнты, экс-палітвязень, сацыял-дэмакратычны лідар, проста выдатны чалавек і шчаслівы муж адсвяткуе свой дзень народзінаў не за кратамі, а сярод родных і сяброў». Так пачынаўся гэты матэрыял, калі быў апублікаваны ўпершыню — у 2016-м, да 60-годдзя Мікалая Статкевіча. Праз год пасля таго, як скончылася працяглае зняволенне палітыка. […]

 

IV. Неабходнасць груп рознай сацыяльнай актыўнасці

Праведзены падзел грамадства на групы рознай сацыяльнай актыўнасці не сведчыць, што гэта людзі вышэйшых і ніжэйшых «гатункаў». Прырода мудрая. Яна «запраграмавала» пэўныя прапорцыі людзей розных псіхатыпаў і ступеняў адказнасці ў вялікіх чалавечых супольнасцях дзеля выжывання такіх супольнасцей.

Усё гэтыя групы важныя і неабходныя.

Напрыклад, сацыяльна-пасіўная група забяспечвае захаванне, устойлівае існаванне і аднаўленне чалавечых супольнасцей — ад нацыі да працоўнага калектыва. Пэўны яе кансерватызм і асцярожнасць патрэбны, каб супольнасць у выніку барацьбы яе чальцоў за асабістыя поспехі ці высокія ідэі не была ўцягнута ў няспынныя канфлікты і захавала сябе. Але залішне пасіўная супольнасць вырачаная на стагнацыю і знікненне.

Сацыяльна-актыўная група забяспечвае прагрэс супольнасці, яе развіццё, канкурэнтаздольнасць.

Група людзей з высокай сацыяльнай адказнасцю, нягледзячы на яе нешматлікасць, не меней важная за папярэднія. Яна часта імкнецца захаваць баланс інтарэсаў розных груп дзеля інтарэсаў усёй супольнасці. Гэтая група набывае крытычна важнае значэнне пры пагрозе існаванню супольнасці. Напрыклад, у выпадку агрэсіі супраць краіны. Ці пры разлажэнні ў ёй улады.

Без «свядомых» краіна безабаронная ад такіх пагроз. Мужнасць, розум, стойкасць такіх людзей вызначаюць лёс нацыі.

Прыклад 1. Падчас Другой сусветнай вайны японцы сутыкнуліся з праблемай масавых уцёкаў англійскіх і амерыканскіх ваеннапалонных, што запатрабавала значных сілаў для іх аховы. Тады японцы вылучылі з агульнай масы ваеннапалонных 5% найбольш актыўных і няскораных, размясцілі асобна і ўзмоцнена ахоўвалі. Астатнія 95% ахоўваць перасталі. Уцёкі спыніліся.

Падумайце, толькі 5% з ліку пераважна маладых, маючых баявы досвед мужчын, ізалююць — і астатнія ператвараюцца ў пакорлівы статак.

Прыклад 2. Калі кіроўныя ў дзяржаве група ўзурпуе ўладу і ліквідуе дэмакратыю, першымі разумеюць згубнасць для краіны такога шляху і пачынаюць змаганне за свабоду грамадзяне з высокай сацыяльнай адказнасцю. Спачатку іх барацьба застаецца не зразумелай большасцю. Тым болей, што «змагары» адцягваюць на сябе значную частку рэсурсаў рэпрэсіўнай апарату рэжыму, запавольваючы тым самым яго наступ на правы астатняй часткі грамадства.

Але логіка аўтарытарызму непазбежна прыводзіць да згортвання і непалітычных свабод, перакрывае сацыяльна-актыўным грамадзянам магчымасці для рэалізацыі іх памкненняў, планаў, амбіцый. Незадаволеныя гэтым, яны пачынаюць пераходзіць у пасіўную апазіцыю да правячага рэжыму.

Затым звычайная ў наш час эканамічная неэфектыўнасць аўтарытарных рэжымаў для краін хрысціянскай цывілізацыі прыводзіць да зніжэння дабрабыту насельніцтва. Тады ў пасіўную апазіцыю да рэжыму пераходзіць і сацыяльна-пасіўная большасць.

Далейшае пагаршэнне сітуацыі ў краіне, натхненне падтрымкай большасці і прыклад «змагароў» мабілізуе ўсё большую частку сацыяльна-актыўнай групы да ўдзелу ў барацьбе за перамены. Адрынанне рэжыму робіцца агульнанародным. У такой сітуацыі адтэрмінаваць яго развал можа толькі значная матэрыяльная і маральная падтрымка з боку знешніх гульцоў.

Цяпер можна ўсіх, хто апошнія 15 гадоў крытыкаваў уладу, абвінаваціць у «арганізацыі масавых беспарадкаў»

Жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч апублікавала ў Фэйсбуку ліст ад мужа, у якім ён тлумачыць, у чым яго абвінавачваюць. […]

V. Субектыўныя парады

Спадзяюся, што апісаныя мадэлі сэнсаў(мэта)вызначэння і ўзаемадзеяння груп рознай каштоўнаснай арыентацыі дапамогуць чытачу лепей зразумець людзей, грамадства ды сябе ў ім.

Напрыканцы колькі парадаў па тэме:

1) Свядома выбірай свае жыццёвыя мэты як сэнсы свайго жыцця. Плануй іх з улікам магчымасцей пераходу ад адной мэты да другой у розных узроставых перыядах, рыхтуй сябе да іх, мэтаскіравана працуй для іх.

2) Пастаянна вывучай сябе, сумленна ацэньвай свае перавагі і недахопы, улічвай іх пры выбары жыццёвых мэтаў і заняткаў. Май на ўвазе, што ад некаторых недахопаў можна пазбавіцца шляхам навучання ці трэніровак.

3) Свет зараз мяняецца вельмі хутка. Улічваць прагнозы гэтых зменаў, каб абраны табой на пэўны перыяд жыцця занятак не стаў састарэлым і непатрэбным.

4) Выбірай заняткі, якія падабаюцца табе, з якімі ты супадаеш унутрана. Шукай сваю Справу. Калі не атрымаецца (а атрымліваецца мала ў каго), то шукай проста любімую справу.

5) Прывучы сябе рэгулярна займацца фізкультурай, правільна харчуйся. Актыўнае чалавечае жыццё не такое ўжо і працяглае, каб грэбаваць магчымасцю павялічыць яго на дзесяцігоддзі.

6) Прымай у якасці ўласных жыццёвых сэнсаў тыя чалавечыя, грамадзянскія, маральныя абавязкі, якія адпавядаюць твайму пачуццю справядлівасці. Чалавецтва выжыла і развілася дзякуючы салідарнасці супляменнікаў, палоў і пакаленняў. Ты прыйшоў на шмат што гатовае. Не будзь няўдзячны і зрабі свой унёсак.

7) Імкніся жыць у адпаведнасці са сваім маральным пачуццём і не ахвяруй уласнай годнасцю. Гэтыя якасці закладзеныя шмат каму з нас генетычна. Грэбуючы імі, ты ствараеш унутранае напружанне і запускаеш працэс унутранага самаразбурэння, якое праявіць сябе ў фізічных і псіхічных хваробах, у неабходнасці алкагольнай ці наркатычнай кампенсацыі.

8) Жыві поўным жыццём, не занурвайся пастаянна ў нешта адно. Жыццё цудоўнае з многіх яго праявах. Карыстайся гэтым шыкоўным падарункам напоўніцу, атрымоўваць асалоду ад прыроды, мастацтва, чалавечых стасункаў. Улічваць, што для шчаслівых доўгатэрміновых стасункаў неабходна сумяшчальнасць карцін свету партнёраў.

9) Напрыканцы жыцця людзі, якія захавалі мысленне, задаюць сабе пытанне: «Навошта я жыў?» Адказаць на яго будзе прасцей, калі ты сваімі справамі зрабіў свет, хаця б вакол сябе, істотна лепшым. Гэтае «істотна» залежыць ад пачатковага стану і цаны, якую ты заплаціў. Напрыклад, калі ты змагаўся за свабоду падняволенай краіны, рызыкаваў, цярпеў з-за гэтага, то табе ўжо будзе чым апраўдаць сваё існаванне на зямлі.

10) І апошняе. Крытычна ўспрымаць парады па жыццёва важных пытаннях нават ад тых, каму давяраеш. Бо кожны чалавек мерае па сабе. А людзі розныя і меркі ў іх розныя. Могуць не супасці з табой. Жыві сваё жыццё, а не чужое.

Гэтая парада тычыцца і вышэйпрыведзеных парадаў.

Следчая турма № 3, кастрычнік 2021 г.