Па адным сваяку ад фігурантаў крымінальнай справы запрасілі на абвяшчэньне прысуду
14 сьнежня ў 14:00 на тэрыторыі СІЗА-3 Гомля абвесьцяць прысуд у справе палітыкаў Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага, а таксама журналіста Свабоды Ігара Лосіка, блогера Ўладзімера Цыгановіча і ўдзельнікаў каманды Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова. Прыгадваем, як праходзіў гэты судовы працэс і што ў ім застаецца найбольш незразумелым.
«Так, па адным сваяку ад фігурантаў крымінальнай справы запрасілі на абвяшчэньне прысуду, — пацьвердзіла Свабодзе жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. — Хто ад каго будзе, я дакладна ня ведаю. Ці будзе сам Мікола на прысудзе, я ня ведаю. Пакуль яго ня ўбачу, то баюся нешта гаварыць. Кожную раніцу прачынаюся ў жаху, прыслухоўваюся да сябе. Баюся любых выпадковасьцяў, якія могуць перашкодзіць нам пабачыцца».
Чаму Статкевіча судзілі разам з Лосікам і Ціханоўскім?
Па словах жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч, яе муж з усіх сваіх «падзельнікаў» ня быў блізка асабіста знаёмы ні з кім. Знаў толькі Сяргея Ціханоўскага, аднак сустракаўся зь ім усяго некалькі разоў, пераважна на вулічных акцыях. Тое самае можна сказаць і пра Ігара Лосіка, які сьцьвярджае, што іншых абвінавачаных пабачыў толькі з пачаткам суду ў СІЗА. Марына Адамовіч кажа, што такое разьвіцьцё падзеяў ня стала нечаканасьцю ні для яе, ні для самога Статкевіча.
«Мы зь Мікалаем ад самага пачатку выбарчай кампаніі 2020 году ўяўлялі, што год ня будзе лёгкі, — кажа Марына Адамовіч. — А пра сам працэс мы ня думаем. Калі ў краіне беззаконьне, калі ў ёй не да законаў, то нічога ня дзівіць у гэтым сэнсе. Курс абраны на ўзмацненьне ціску. Мабыць, улады сапраўды рыхтуюцца да гандлю. Я ня ведаю».