Ціханоўскі павярнуўся да судзьдзі сьпінай, Статкевіч крыкнуў «Жыве Беларусь». Як агучвалі прысуд у СІЗА-3 Гомеля
Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч расказала Свабодзе, што адбывалася ў судовай залі падчас прысуду.
Па словах Марыны Адамовіч, усе абвінавачаныя выглядалі добра і трымаліся ўпэўнена, паводзілі сябе спакойна.
«Ціханоўскі сказаў, што за ўвесь час працэсу ніхто ня даў супраць іх паказаньняў, — кажа Марына Адамовіч. — Я хачу перадаць гэтыя яго словы. Разумею, што для яго гэта было вельмі важна. Ніводзін чалавек за гэтыя амаль пяць месяцаў суду ня даў супраць іх паказаньняў. Верагодна, на працэсе былі нейкія сьведкі».
Па словах Адамовіч, акрамя тэрмінаў зьняволеньня, абвінавачаным таксама прысудзілі выплаціць суму памерам каля 2,5 мільёна рублёў у якасьці кампэнсацыі нібыта нанесенай шкоды.
«Пасьля прысуду амаль усе абвінавачаныя нешта гаварылі, але нас усіх хутка вывелі з залі, — кажа Марына Адамовіч. — Хлопцы казалі, што не прызнаюць прысуд. Мікалай і Сяргей сказалі „Жыве Беларусь“. Усё адбывалася хутка, на тле эмоцый мне цяжка цяпер узгадаць усё. Сяргей прысуд слухаў стоячы, але павярнуўся да судзьдзі сьпінай. Мікола нават не ўставаў. Ад судзьдзі яшчэ адзін хтосьці адвярнуўся сьпінай, але я не згадаю хто. Больш глядзела на Міколу».
Знадворку чакалі прысуду эўрапейскія дыпляматы, таксама было шмат супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ.
Марына Адамовіч спадзяецца атрымаць спатканьне з мужам, такая магчымасьць прадугледжаная заканадаўствам.