Навіны

Часовы павераны ЗША сустрэўся з жонкай Статкевіча ў Мінску

«Павераны ў справах Рубен Гарутуньян сустрэўся 11 траўня 2023 года ў Мінску з Марынай Адамовіч, адважнай і трывалай жонкай зняволенага палітычнага актывіста Мікалая Статкевіча. Марына не атрымлівала звестак ад Мікалая больш за 8 тыдняў! Заклікаем вызваліць Мікалая і яшчэ 1500 палітвязняў Беларусі!» – піша пасольства ЗША ў Беларусі.

Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тысячу дзён. Ён быў затрыманы ў маі 2020 года ў Мінску і ў снежні 2021 года прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі асаблівага рэжыму па некалькіх крымінальных артыкулах. У чэрвені 2022 года Статкевіча этапавалі з Гомеля ў глыбоцкую калонію № 13. Адміністрацыя папраўчай установы паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму, паведамляе «Белсат».