Навіны

Палітвязня Юрыя Рубцова перад Новым годам наведалі актывісты

Бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты першымі наведалі новага палітвязня спецкамендатуры № 7 у Купліне Пружанскага раёна Юрыя Рубцова.

Там адбываў трохгадовае пакаранне і сустаршыня аргкамітэтут па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец.

Юры Рубцоў знаходзіцца ў спецкамендатуры з 22 снежня. Актывісты завезлі яму перадачу з прадуктамі і павіншавалі з надыходзячым Новым годам.

Паводле Юрыя Рубцова, зараз ён у статусе беспрацоўнага асуджанага. Пакуль працы, за якую Рубцоў хоча заробак у 600 долараў (сярэдні па Беларусі, як не раз гаварыў Аляксандр Лукашэнка), яму не прапанавалі.

Пасля сустрэчы бярозаўчане прыйшлі да высновы, што беспартыйны Рубцоў пакараны за сваю грамадзянскую пазіцыю:

– Я зразумела, што Юры Рубцоў асуджаны абсалютна незаконна. Наш чалавек у нашай краіне абсалютна нічога не значыць, бо ўсе вымушаныя падпарадкоўвацца гэтай сістэме. Калі толькі свая думка з’яўляецца, яе проста падаўляюць.

– У свой час Аляксандр Рыгоравіч сказаў, “я сыйду, калі народ скажа мне – сыходзь”. Вось адзін з прадстаўнікоў народа апрануў майку, на якой было напісана “Лукашэнка – сыходзь!” І гэтага прадстаўніка народа за гэтую майку пачынаюць рэпрасаваць.

– Калі ў нас такая падтрымка дзеючага прэзідэнта, чаго ўлада так хвалюецца? Ну, выйшаў, ну пахадзіў у гэтай майцы – ну і што?

 Юры Рубцоў асуджаны на 2,5 гады “хіміі” нібыта за абразу суддзі ў зале суда. Але насамрэч, як лічыць сам Рубцоў і дэмакратычная грамадскасць, за нашэнне майкі з надпісам: Лукашэнка, сыходзь! У якой з’яўляўся на акцыях апазіцыі.

* * *

Юры Рубцоў абверг інфармацыю некаторых СМІ пра тое, што ён нібыта абвясціў галадоўку.

„У мяне ўсё нармальна ва ўмовах хіміі”, – паведаміў актывіст.

Напярэдадні ён патэлефанаваў у нашую рэдакцыю і сказаў, што падрыхтаваў наглядную скаргу на сваё зняволенне, якое лічыць незаконным:

– Менавіта ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь я апрануў кашульку з надпісам „Лукашэнка, сыходзь”. Менавіта таму мяне затрымалі людзі ў цывільным, завезлі ў аддзяленне міліцыі. Спачатку мяне сфатаграфавалі ў гэтай кашульцы, пасля яе з мяне садралі, фальсіфікавалі пратакол затрымання і голага па пояс прывезлі ў будынак суда. У такім выглядзе мяне судзіў не суддзя, а адзін з многіх слугаў Лукашэнкі, якімі ў прынцыпе з’яўляюцца ўсе суддзі нашай краіны. У Беларусі правасуддзя няма і не можа быць, пакуль суддзяў прызначае і здымае Лукашэнка.

 Слухайце тут

Юры Рубцоў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў „хіміі” нібыта за знявагу суддзі. На суд, падчас якога адбыўся інцыдэнт, Рубцова прывезлі распранутага – міліцыянты забралі ў яго кашульку з надпісам”Лукашэнка, сыходзь”. Праваабаронцы ўжо заявілі, што лічаць Рубцова палітвязнем.

* * *

27 снежня палітвязень Юры Рубцоў патэлефанаваў з “хіміі” на Беларускае Радыё Рацыя і папрасіў перадаць свой зварот – “Дадатак да скаргі ў парадку нагляду”:

 – Я не здзейсніў ніякага злачынства ці адміністрацыйнага правапарушэння, каб быць пакараным, я маю права мець сваю думку, і гэта адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь я апрануў майку “Лукашэнка сыходзь!”Менавіта таму мяне затрымалі людзі ў цывільным і даставілі ў аддзяленне міліцыі, сфатаграфавалі мяне ў гэтай майцы, затым садралі з мяне майку, пасля сфальсіфікавалі пратакол затрымання і голага па пояс прывезлі ў будынак суда. У такім выглядзе мяне судзіў суддзя.

Цалкам тэкст звароту ў далучным гукавым файле.

 Слухайце тут 

* * *

22 снежня актывіст з Гомеля Юры Рубцоў  пачаў адбываць 1,5 гады „хіміі” ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну – за абразу суддзі суду Савецкага раёну Менску Кірыла Палулеха.

Тут раней “ Хімію” адбываў палітычны вязень Павал Севярынец. Дзе будзе працаваць Юры Рубцоў пакуль не ведае. Ён паводле прафесіі – кіроўца.

Пра бытавыя ўмовы ён распавёў наступнае:

– Умовы вельмі дрэнныя. Усё гэта робіцца адмыслова для таго, каб людзі, якія пабачаць гэтыя ўмовы альбо пачуюць пра гэтыя ўмовы, баяліся сюды трапляць, слухалі ўладу знаходзячыся ў вялікай турме, якой з’яўляецца ўся краіна.

 Слухайце тут 

У кастрычніку суддзя Цэнтральнага суду Менску Наталля Вайцэховіч пакарала Юрыя Рубцова нібыта за знявагу суддзі Кірыла Палулеха.

Той судзіў актывіста мінулай вясною – пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях-2014». Рубцоў быў на шэсці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!».

Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезлі ў суд у адных штанах. Калі суддзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, па словах суддзі, назваў яго «падонкам». Менскі гарадзкі суд пагадзіўся з пакараннем.

Беларускае Радыё Рацыя