Палітвязень Рубцоў абвесціць галадоўку, калі яму не дадуць працу
Юры Рубцоў надалей не мае працы. Ён адбывае пакаранне, так званую “хімію”, у вёсцы Куплін Пружанскага раёна на Берасцейшчыне.
Раней яму ўжо прапанавалі працаваць кіроўцам у Пружанах, але з нізкім заробкам. Вязень жа настойвае на тым, каб заробак адпавядаў сярэдняму па краіне.
– 500 даляраў Лукашэнка абяцаў яшчэ ў 2010 годзе. Паводле статыстычных дадзеных, памер сярэдняга заробка ў Беларусі складае 600 даляраў. Вось я і патрабую – дайце мне такую зарплату. Гэта мая прынцыповая пазіцыя. І калі 22 чысла мне не будзе прадстаўлена такая праца – я абвяшчаю галадоўку. Знайдзіце мне такую працу! Дзе гэтая зарплата ў 600 даляраў!?
Юры Рубцоў летась у кастрычнку быў пакараны годам і шасцю месяцамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу №27, нагадвае Радыё Рацыя. Рубцоў вядомы тым, што выйшаў на Чарнобыльскі шлях у кашульцы “Лукашэнка, сыходзь”, за што трапіў пад суд, а пазней быў збвінавачаны ў абразе суддзі Кірыла Палулеха. Праваабаронцы прызналі Рубцова палітычным вязнем.