Мікалай Статкевіч – у карантыне шклоўскай калоніі
Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў карантыне шклоўскай калоніі, куды яго перавялі з магілёўскай турмы. Палітвязня ўжо наведаў адвакат, а ўчора, 15 студзеня, яму дазволілі патэлефанаваць жонцы.
Марына Адамовіч распавяла вядомыя ёй падрабязнасці:
– Да яго прычапіліся, што нібыта недакладная на ім вопратка. Але пакуль няма выніку, ці далі яму за гэта спагнанне. Мне падаецца гэта ціскам, што звычайна робіцца адразу пасля этапу. Пабачым, які будзе вынік.
У карантыне Мікалай Статкевіч мусіць адбыць 2 тыдні, потым яго накіруюць у адзін з атрадаў.
Мікалай Статкевіч ужо быў у шклоўскай калёніі ў 2011 годзе. Адтуль яго перавялі ў магілёўскую турму нібыта як злоснага парушальніка рэжыму.
Калі ў 2011 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў Шклоў, ён упершыню заявіў пра магчымасць вызваліць палітвязня Статкевіча, калі той напіша прашэнне аб памілаванні і з’едзе з Беларусі. Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч пісаць такое прашэнне адмовіўся.
* * *
Палітзняволены, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч этапаваны 12 студзеня з магілёўскай турмы №4 у калонію №17 у горадзе Шклове. Пра гэта даведалася жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч.
Па словах Марыны Адамовіч, на працягу бліжэйшых дзён яна спадзяецца атрымаць афіцыйнае паведамленне аб этапаванні:
– Таксама спадзяюся, што гэтыя змены прывядуць да лепшага.
Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі ужо больш 4 гадоў. Ён быў арыштаваны пры разгоне „Плошчы 2010″ – дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і асуджаны па артыкуле аб масавых беспарадках крымінальнага кодэкса да 6 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцнега рэжыму.
Палітыку было прапанавана напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак ён адмовіўся гэта зрабіць.
Жонка палітвязня Марына Адамовіч спадзяецца, што перавод у калонію дасць магчымасць зняволенаму, як яна кажа, падыхаць хаця крышку свежым паветрам. Апошнія тры гады Мікола Статкевіч правёў у закрытай турме.
– Калонія ў параўнанні з турмой – гэта значна больш свабоды перамяшчэнні, вязні могуць перамяшчацца па гэтай закрытай тэрыторыі, можна бачыць сонца, можна бачыць зямлю, траву. Гэта таксама іншыя мажлівасці па спатканнях, па перадачах, па нейкай матэрыяльнай падтрымцы вязня. У калоніі можна зрабіць жыццё невыносным і абмежаваць спатканні, перадачы і ўсё астатняе, але па закону пры тым рэжыме ўтрымання, на які ён мусіць быць пераведзены, там ёсць мажлівасць і доўгатэрміновых спатканняў.
У траўні 2011 году суд Ленінскага раёну Менску прыгаварыў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году.
Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. Яму не раз прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца.
* * *
Сёння экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча павінны перавесці з турмы ў калонію. Жонка палітычнага вязня Марына Адамовіч паведаміла, што раніцай ён яшчэ быў у турме. Аднак паводле закону сёння Статкевіч павінен быць пераведзены ў калонію:
– Па стану на ранак мне паведамілі, што ён яшчэ быў у турме. Такога кшталту прысуды ўступаюць у сілу з моманту іх вынясення, і гэта значыць, што сёння роўна тры гады ён знаходзіўся ў камеры. Ён у прынцыпе не мог выйсці нікуды за межы турмы, нават прагулкі яго адбываліся на даху гэтай турмы. У калоніі абсалютны іншы рэжым утрымання, іншыя мажлівасці па спатканнях, па перадачах, па нейкай матэрыяльнай падтрымцы.
У траўні 2011 году Мікалая Статкевіча прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году. Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмовіўся гэта рабіць.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя