Палітвязьню Юрыю Рубцову перадалі пляншэт і тэлевізар
19 студзеня рэжысэрка Вольга Мікалайчык і яшчэ чацьвёра актывістаў руху «За свабоду» ды «Салідарнасьці» выправіліся да палітвязьня Юрыя Рубцова ў вёску Куплін Пружанскага раён.
Людзі адгукнуліся на заклік дапамагчы Юрыю Рубцову харчамі і сродкамі. На рахунак webmoney паступіла 515 000 рублёў, актывісты дадалі свае сродкі і набылі для Рубцова пляншэт, тэлевізар, DVD-прайгравальнік, а таксама харчы (крупы, алей, кансэрвы, сыр, каўбасы). Адна жанчына на свае грошы купіла мех бульбы і сала. Усё гэта актывісты ў панядзелак перадалі Рубцову.
Юры Рубцоў адмыслова для свайго кіраўніцтва атрымаў ад праваабаронцаў выпіску з Крымінальна-папраўчага кодэксу, што ў спэцкамэндатуры дазваляецца карыстацца кампутарамі, пляншэтамі, ноўтбукамі і інтэрнэтам.
У Купліне Юры Рубцоў знаходзіцца з 22 сьнежня і дагэтуль не працаўладкаваны. Юры Рубцоў патрабуе, каб яму далі працу зь сярэднестатыстычным па краіне заробкам, які эквівалентны 600 далярам. Такой працы ў Пружанскім раёне няма, і Рубцоў цяпер не працуе.