Латвія гатовая запрасіць Лукашэнку на саміт «Усходняга партнэрства»
На саміце «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе 21–22 траўня ў Рызе, латвійскі бок хацеў бы бачыць прадстаўніцтва Беларусі «на, магчыма, самым высокім узроўні».
Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску генэральны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс.
Ён сказаў, што ў Латвіі добра ведаюць, што на папярэдніх самітах Беларусь ніколі яшчэ не прадстаўляў Аляксандар Лукашэнка. Але, на думку латвійскага дыплямата, узровень прадстаўніцтва на рыскім саміце будзе залежаць ад сытуацыі ў Беларусі.
«У нас ёсьць яшчэ некалькі месяцаў, каб паглядзець, што зьмяняецца ў Беларусі, — сказаў ён. — Канчатковае рашэньне аб узроўні прысутнасьці Беларусі на саміце ў Рызе будзе прымаць беларускі бок. Мы хочам, каб з боку Менску быў сустрэчны рух, і мы будзем запрашаць Беларусь на ўсе мерапрыемствы».
На пытаньне журналістаў, ці зьвязаны магчымы ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў рыскім саміце з пытаньнем палітвязьняў, генэральны сакратар МЗС Латвіі заявіў, што ў сучаснай Эўропе ня можа быць такога паняцьця, як палітычны вязень.
Саміт у Рызе будзе чацьвёртым. У трох папярэдніх — у Празе, Варшаве і Вільні — Аляксандар Лукашэнка ня ўдзельнічаў.