Палітыка

Алесь Лагвінец: “Мяркую, Лукашэнка хацеў бы паехаць на саміт у Рыгу”

Афіцыйныя прадстаўнікі Латвіі заявілі, што хацелі б, каб Беларусь была прадстаўлена «на самым высокім узроўні» на саміце Ўсходняга партнэрства.

Што адбудзецца ў Рызе ў траўні. Ці пажадае сам Аляксандар Лукашэнка паехаць на саміт у Рыгу? Ці здольныя беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў і выканаць галоўную ўмову для пачатку нармалізацыі адносінаў з Захадам?

На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: На саміце «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе 21–22 траўня ў Рызе, латвійскі бок хацеў бы бачыць прадстаўніцтва Беларусі “на, магчыма, самым высокім узроўні«.Пра гэта заявіў 23 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску генэральны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс. На колькі рэалістычным выглядае на сёньня сцэнар, што на саміт у Рыгу можа быць запрошаны Лукашэнка?

Лагвінец: Усе эўрапейскія краіны хочуць, каб Беларусь была дэмакратычнай краінай, якія б вярнулася ў эўрапейскую сям’ю народаў. Таму такія рэчы заяўляць — гэта нічога страшнага, гэта агульнае пажаданьне і дыпляматычны этыкет.

Лукашэнка можа апынуцца на саміце ў Рызе, але ад яго чакаюць, што ён вызваліць палітвязьняў. Эўразьвяз, я думаю, будзе на гэтым настойваць. Урэшце пакуль яшчэ ніхто фармальна не здымаў з Лукашэнкі забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу. З беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў пакуль толькі з аднаго Ўладзімера Макея зьнялі гэтую забарону.

Цыганкоў: Наколькі ў сёньняшняй геапалітычнай сытуацыі для Лукашэнкі было б рызыкоўна паехаць на саміт у Рыгу — з пункту гледжаньня нэгатыўнага стаўленьня да гэтага з боку Масквы?

Лагвінец: Мяркую, што Лукашэнка хацеў бы паехаць. Альбо — быць запрошаным, а потым выкінуць нейкі фінт і не паехаць. Але кіраўнік Беларусі хацеў бы, каб рашэньне ехаць ці ня ехаць было выключна ягоным. І мне падаецца, што яму хацелася б там быць, каб ураўнаважыць уплыў Расеі і мець нейкія козыры ў ягоным вечным гандлі з Масквой.

Цыганкоў: Латвійскі чыноўнік, сапраўды, адзначыў — «Канчатковае рашэньне аб узроўні прысутнасьці Беларусі на саміце ў Рызе будзе прымаць беларускі бок. Мы хочам, каб з боку Менску быў сустрэчны рух, і мы будзем запрашаць Беларусь на ўсе мерапрыемствы». Ці зробіць афіцыйны Менск крокі, якія ад яго чакаюць — найперш вызваленьне палітвязьняў?

Лагвінец: Мы памятаем, што ў 2008-ым годзе, пасьля расейскай агрэсіі супраць Грузіі Лукашэнка зрабіў крок, які ад яго тады ўсе патрабавалі, але, здаецца, моцна не чакалі — вызваліў Аляксандра Казуліна. Мне падаецца, вызваліць палітвязьняў — гэта цалкам магчыма. Рэжым гэта можа зрабіць цягам сутак.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода