Актуальна

Лукашэнка: “Статкевіч для мяне ніякі не канкурэнт”

Карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі задаў прэзыдэнту пытаньне пра палітвязьня Мікалая Статкевіча. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што вызваленьне Статкевіча – не палітычнае пытаньне. Вызваліць палітвязьня Лукашэнка пагадзіўся толькі пры ўмове, што за гэта падпішуцца астатнія зьняволеныя, якія адбываюць пакараньне разам зь Мікалаем Статкевічам.

Валер Каліноўскі: Беларускія ўлады могуць палепшыць адносіны з Захадам, калі будуць вызваленыя палітвязьні, у тым ліку ваш былы канкурэнт Мікола Статкевіч?

Аляксандр Лукашэнка: Я магу адмахнуцца і сказаць, што шмат разоў адказваў. Але ня буду адмахвацца і казаць, што мяне гэта ня тычыцца. На Захадзе кажуць пра палітвязьняў. А я адказваю, што ў нас няма такога артыкула, паводле якога чалавек робіцца палітвязьнем. Ну, але калі хочуць, хай кажуць «палітвязень», я і сам так часам кажу. Але я ніколі не лічыў іх палітвязьнямі. Ёсьць закон, і ён для ўсіх. Таму праехалі.

Сёньня ўсе хочуць, апроч самога Статкевіча, напэўна, каб ён быў вызвалены. Я ніколі яго не баяўся. Чалавека меншага калібру, чым Статкевіч… Я не трымаю яго, каб выпусьціць перад выбарамі. Тут не пытаньне напісаньня памілаваньня. Галоўнае іншае – у калёніі ён не адзін, там яшчэ 500–800 чалавек. І яны таксама хочуць быць на свабодзе. Дык чаму я павінен вызваліць Статкевіча, а не Іванова і Пятрова?

Нядаўна я вяртаўся да гэтага пытаньня і падумаў вось што – калі б сама калёнія зьвярнулася, то я б выпусьціў Статкевіча. Таму што я не хачу выглядаць ідыётам перад іншымі асуджанымі. Бо тады я палову калёніі павінен выпусьціць. А я ня маю на гэта права.

Тут няма палітыкі. Я клянуся сваімі дзецьмі, што Статкевіч для мяне не палітык. Ён павёў на штурм людзей, у мяне ёсьць запіс перамоваў з Кіевам, калі яму прапаноўвалі ісьці і садзіцца ў крэсла прэм’ер-міністра. Але гэта мы праехалі. Ён не палітвязень. Ён зьдзейсьніў злачынства. Закон ёсьць закон, яго трэба выконваць. Які ён мне канкурэнт? Вось што запомнілася з тых выбараў пра Міколу Статкевіча? Злосны ашчэр і «плошча, плошча, плошча» – усё. Выбары прайшлі. Я яго не лічу палітычным канкурэнтам.

Валер Каліноўскі: Ці лічыце вы, што нехта захоча балятавацца ў гэтым годзе?

Аляксандар Лукашэнка: Толькі Статкевіч у турме, іншыя на волі. Хай балятуюцца. Балятуйцеся. Але калі будзеце ламаць дзьверы, то будзеце сядзець. Я вам гарантую бясьпеку на выбарах, толькі не ламайце і не забівайце. А калі вырашаць ізноў такім чынам, то будуць сядзець. Мы ж ведаем, хто і за што грошы заплаціў. Я ведаю, чаго ад вас патрабавалі – Майдана ў Беларусі. Я гэта ведаў і ня мог гэтага дапусьціць. Вы пайшлі на штурм Дому ўраду. Але ня вельмі ж там і пабілі. Да вечара палову затрыманых адпусьцілі. Да раніцы засталося 30 баевікоў.

Радыё Свабода