Сітуацыя з правамі чалавека ў 2014 годзе: тэндэнцыі і ацэнкі
Сітуацыя з выкананнем правоў чалавека на працягу 2014 года заставалася стабільна цяжкай з тэндэнцыямі да пагаршэння напрыканцы года. Парушэнні правоў насілі сістэмны і сістэматычны характар: асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы насілі скрайне абмежаваны характар, ніякіх сістэмных зменаў у галіне выканання правоў чалавека (на заканадаўчым узроўні і (ці) на ўзроўні практык) у краіне не адбылося.
Адзіным пазітыўным фактам на працягу года стала вызваленне з калоніі паводле Закона “Аб амністыі” старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага. Аднак датэрміновае вызваленне гэтага палітвязня не стала станоўчай тэндэнцыяй і не атрымала свайго далейшага працягу;
— на заканчэнне года ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі працягвалі ўтрымлівацца шасцёра палітычных зняволеных: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч і Юрый Рубцоў;
— вызваленне палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Андрэя Гайдукова, Уладзіміра Яроменка, Васіля Парфянкова і Эдуарда Лобава адбылося выключна ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў іх зняволення і не сведчыць аб палітычнай волі кіраўніцтва краіны па вырашэнню праблемы палітычных зняволеных;
— працягвалася практыка крымінальнага пераследу па палітычных матывах. На працягу года былі ўзбуджаны тры новыя палітычна матываныя крымінальныя справы: супраць палітвязня Мікалая Дзядка (арт. 411 Крымінальнага кодэкса), журналіста газеты “Белорусы и рынок” Аляксандра Алесіна (арт. 356.1 Крыміналльнага кодэкса) і актывіста з г. Гомеля Юрыя Рубцова (арт. 391 Крымінальнага кодэкса). Апошні прысудам суда Цэнтральнага р-на г. Мінска быў асуджаны да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
— працягвалася практыка адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў. Усяго на працягу года да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) былі прыцягнуты 53 чалавекі. Усяго палітычна матываваны адміністрацыйны арышт на працягу года, па звестках Праваабарончага цэнтра “Вясна”, выносіўся ў 104 выпадках (арышт ужываўся ў дачыненні да 88 чалавек, у дачыненні да некаторых — два і болей разоў), было аштрафавана 57 чалавек;
— на працягу года ўлады актыўна выкарыстоўвалі практыку адвольных затрыманняў грамадзкіх і палітычных актывістаў, асабліва на пярэдадні значных граамадска-палітычных падзей. Так, напярэдадні правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску адвольным затрыманням было падвергнута 38 актывістаў. Таксама адвольныя затрыманні ў гэты перыяд часу былі выкарыстаны і ў дачыненні да гэтак званых “асацыяльных элементаў” з мэтай стварэння пазітыўнага вобразу Мінска сярод замежных турыстаў;
– выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, яікя праходзілі ў сакавіу 2014 года, па ацэнках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары”, прайшлі з сур’ёзнымі парушэннямі прынцыпаў дэмакратычных і справядлівых выбараў, замацаваных стандартамі АБСЕ і беларускім заканадаўствам. Атмасфера палітычнага пераследу і рэпрэсій апанентаў улады, на фоне якой праходзіла выбарчая кампанія, абмежаванні падчас фарміравання выбарчых камісій, агітацыйнай кампаніі негатыўна паўплывалі на свабоду выбару. Непразрыстасць падліку галасоў не давала падстаў сцвярджаць, што вынікі выбараў адлюстроўваюць волевыяўленне беларускага народа.
— працягвалася практыка аказання ціску на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі краіны. Рашэнне аб высылцы з краіны кіраўніка Цэнтра прававой трансфармацыі “Lautrand”, грамадзянкі Расійскай Федэрацыі Алены Танкачовай з’яўляецца яскравым прыкладам палітыкі ўладаў у дачыненні да праваабаронцаў;
— працягвалася практыка прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і выкарыстання іншых форм ціску на незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Прынятыя змены і дапаўненні ў Закон “Аб сродках масавай інфармацыі” стварылі прававую базу для далейшага кантролю над інтэрнэтам і сталі сур’ёзнай пагрозай увядзення татальнай цэнзуры медыя-сферы. Хваля блакаванняў шэрагу незалежных сайтаў і інтэрнэт-выданняў толькі пацвердзіла гэтыя негатыўныя наступствы заканадаўчых новаўвядзенняў;
— на працягу года былі выкананы тры смяротныя прысуды, адзін з асуджаных да смяротнага пакарання да канца года знаходзіўся ў СІЗА МУС № 1 у чаканні выканання прысуду;
— на працягу года ў дзяржаўных СМІ і органах кіравання актыўна вялася дыскусія аб неабходнасці ўвядзення адказнасці для непрацуючых асоб і аб магчымасці прымусовага прыцягнення гэтай катэгорыі грамадзян да працы, што ў скупнасці з ужо існуючымі элементамі прымусовай працы ў краіне сведчыць аб працягу практыкі парушэнняў сацыяльных і эканамінчых правоў грамадзян;
— Беларусь працягвала палітыку ігнаравання міжнародных абавязацельстваў і механізмаў у галіне абароны правоў чалавека ААН.
І. Сусветныя выклікі праваабарончай дзейнасці
Увесь 2014 год прайшоў пад знакам сур’ёзных геапалітычных зменаў, якія аказалі ўплыў як на міжнародны кантэкст у цэлым, так і на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі. Агрэсія Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, акупацыя і анэксія Крыма стала сур’ёзным выклікам для ўсёй постсавецкай прасторы, Еўропы і ўсяго свету. Упершыню пасля распаду СССР адна з краін-гарантаў незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны паводле Будапешцкага мемарандуму распачала вайсковую агрэсію супраць гэтай краіны. Анэксія часткі тэрыторыі, непрыхаванае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Украіны з боку Расіі садзейнічалі распальванню вайсковага канфлікту на паўднёвым усходзе краіны, паставіўшы пад пагрозу яе тэрытарыяльную цэласнасць, прывялі да гібелі тысяч людзей, дэстабілізавалі сітуацыю ва ўсім постсавецкім рэгіёне і выклікалі міжнародны крызіс.
Падзеі ў суседняй дзяржаве моцна адбіліся на стане грамадзтва ў Беларусі, вялікая частка якога знаходзіцца пад уплывам прапаганды расійскіх СМІ. Сацыёлагамі адзначалася падзенне праеўрапейскіх настрояў у беларускім грамадстве і, адпаведна, рост прарасійскіх, узмацненне попыту на ідэю “моцнай улады”і аўтарытарнага тыпу лідэраў. Гэтыя тэндэнцыі мелі безумоўна негатыўныя наступствы як для магчымасцяў папулярызацыі ідэй правоў чалавека, так і праваабрончай дзейнасці на ўсёй постсавецкай прасторы і ў Беларусі, у прыватнасці.
Ідэі рэвізіі прынцыпаў універсальнасці правоў чалавека, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі, усё часцей загучалі ў рыторыцы кіраўнікоў шэрагу постсавецкіх і іншых краін. Прычым, як правіла, у кантэксце антызаходняй рыторыкі ў цэлым. Правы чалавека абвяшчаюцца вынаходніцтвам выключна заходняй цывілізацыі, чужымі і нават варожымі, разбураючымі “традыцыйныя каштоўнасці”, уяўляючымі пагрозу для “асаблівых і духоўных цывілізацый”. Пасля крызісу ва Украіне антызаходняя рыторыка, найперш у расійскіх СМІ, значна ўзрасла.
Беларусь не стала выключэннем з гэтага кантэксту. Натуральна, што праваабарончая дзейнасць у такім дыскурсе гучыць выключна ў негатыўным кантэксце, прадстаўляецца як варожая і антыдзяржаўная, а правабааронцы — як агенты чужога ўплыву ці наогул агенты “сусветнай ліберальнай змовы”, “замежныя агенты ці пятая калона”.
Паказальным у сувязі з гэтым з’яўляецца выступ міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 30 верасня 2014 года. Ён, у прыватнасці, адзначыў:
«Динамику современной мировой политики, безусловно, определяет множество факторов. В качестве одного из определяющих мы выделили бы сопротивление большинства населения на планете навязыванию им чего-либо извне. Действительно, как и в прошлом, «сильные мира сего» продолжают считать, что именно их видение и модель развития являются универсальными. Они и не спрашивают у остальных, нравятся ли им, например, так называемая «либеральная демократия» или Вашингтонский консенсус. Остальных просто ставят перед выбором – принимайте «рецепты» или готовьтесь к последствиям – угрозам, санкциям, «цветным революциям».
Честно говоря, мы – большинство – уже привыкли к тому, что нам навязывают чуждые политические и экономические модели. Мы четко понимаем, для чего это делается. Кто-то хочет, чтобы наши народы кормили не самих себя, а транснациональный корпоративный капитал. Если мы сопротивляемся, нас наказывают. Предлог всегда надуманный – «нарушение прав человека» в непокорных государствах.
Беларусь, Венесуэла, Иран и Куба, будучи предметом нападок извне, на протяжении многих лет ощущают подобное давление особо остро.
Не менее опасно, однако, и нечто другое. В последнее время такие попытки насаждения стали предприниматься уже и в отношении нашей идентичности. Нам все более настойчиво стараются навязать чуждые культурные предпочтения.
В частности, нас заставляют отказаться от ценностей традиционной семьи и вместо них признать многообразие форм этого института. Иными словами, нас пытаются лишить нашей собственной «души». Это иной способ подчинить капиталу неугодных, сделав их «бездушными» рабами».
Дадзеная рыторыка насамрэч з’яўляецца нічым іншым, як спробай апраўдання фактаў парушэння правоў чалавека і адсутнасці дэмакратыі нейкім “навязваннем” звонку, а таксама спробай рэвізіі прынцыпаў універсальнасці правоў чалавека. Характэрным таксама для такога кшталту рыторыкі з’яўляецца ўжыванне танных прапагандысцкіх клішэ аб нібыта існуючай пагрозе інстытуту і каштоўнасцям традыцыйнай сям’і. Вельмі часта такая рыторыка з’яўляецца апраўданнем дыскрымінацыйных практык і законаў, якія супярэчаць асноўным міжнародным актам у галіне абароны правоў чалавека.
Другім сур’ёзным выклікам для праваабаронцаў, які з’явіўся ў выніку крызісу ва Украіне, стаў паступовы пераход свету да “мовы халоднай вайны”.
Як паказвае наша мінулае, існаванне двухпалярнага свету адыграла адмоўную ролю ў кантэксце правоў чалавека і іх абароны, паколькі вельмі часта прыводзіла да таго, што гэапалітычныя перавагі былі куда больш важнымі, чым пытанні захавання правоў чалавека ў той ці іншай краіне свету. Так, ЗША аказвалі падтрымку вайсковым хунтам ў краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, нягледзячы на масавыя парушэнні там правоў чалавека, толькі па прычыне “абароны” гэтых краін ад камуністычнай пагрозы. СССР, у сваю чаргу, безумоўна закрываў вочы на факты парушэння правоў чалавека ў краінах, якія сталі “на шлях будаўніцтва сацыялізму”. Абодва сусветныя полюсы выкарыстоўвалі праваабарончую рыторыку выключна ў сваіх палітычных мэтах — як сродак палітычнага ціску і дэманстрацыі пераваг аднаго палітычнага ладу над іншым.
Ва ўмовах сённяшняга крызісу мы бачым сур’ёзную пагрозу пераходу часткі краін Захаду менавіта да падобных падыходаў да праваабарончай праблематыкі. Дадзеная пагроза заключаецца ў тым, што пытанні ацэнкі фактаў парушэння правоў чалавека ў той ці іншай краіне будуць рабіцца з улікам геапалітычных перавагаў гэтай краіны і палітыкі замоўчвання і заплюшчвання вачэй на відавочныя факты грубых парушэнняў у краінах, якія стаяць на выгодых для заходніх краін палітычных пазіцыях. Пры такіх абставінах будзе назірацца аддаленне ад каштоўнаснага падыходу да правоў чалавека на карысць геапалітычнай мэтазгоднасці.
Акрамя таго, існаванне краіны ва ўмовах халоднай вайны заўсёды дае магчымасць абгрунтавання тых ці іншых парушэнняў і абмежаванняў правоў чалавека неабходнасцю абароны нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці.
ІІ. Палітычна матываваны пераслед: асноўныя тэндэнцыі года
На працягу года адзначалася зніжэнне агульнай колькасці выпадкаў крымінальнага пераследу па палітычных матывах у параўнанні з папярэднімі гадамі. Аднак праблема наяўнасці палітвязняў у турмах так і не атрымала свайго поўнага вырашэння.
Усе вызваленні палітвязняў на працягу года былі звязаныя выключна са сканчэннем тэрмінаў іх зняволення. Адзіным выключэнняў стаў нечаканы выхад на волю з бабруйскай калоніі старшыні ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDН Алеся Бяляцкага, які быў вызвалены ў першы дзень уступлення ў сілу Закона “Аб амністыі”. Дадзенае вызваленне з’яўлялася выключна палітычным рашэннем беларускіх уладаў, паколькі дзеянне амністыі не распаўсюджвалася на Алеся Бяляцкага ў сувязі з устаноўленым яму адміністрацыяй папраўчай установы стутусам злоснага парушальніка рэжыму і накладзенымі на яго дысцыплінарнымі спагнаннямі. Вызваленне Алеся Бяляцкага ўлады Беларусі выкарысталі ў мэтах інтэнсіфікацыі кантактаў з ЕС і ЗША.
Аднак вызваленне праваабаронцы не стала станоўчай тэндэнцыяй па вызваленні ўсіх палітвязняў. На заканчэнне года ў турмах і месцах абмежавання волі працягвалі знаходзіцца шасцёра палітзняволеных: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч і Юрый Рубцоў.
Беларускія ўлады працягвалі палітыку непрызнання наяўнасці палітвязняў і не дэманстравалі гатоўнасць да вырашэння гэтай праблемы.
Самі палітвязні неаднаразова заўялялі аб аказанні ціску на іх як непасрэдна з боку адміністрацый папраўчых устаноў, так і праз іншых зняволеных. Варта адзначыць, што практычна ўсе палітычныя зняволеныя на працягу свайго ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі неаднаразова прыцягваліся да дысцыплінарнай адказнасці, падвяргаліся ізаляцыі ў ШЫЗА (штрафны ізалятпр) і ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок і Яўген Васьковіч працягвалі абдываць тэрмін у турмах, куды яны былі перавдзены па рашэннях судоў у сувязі з заменай рэжыма адбыцця пакарання на больш жорскі. Да канца года Яўген Васьковіч адбыў максімальны трохгадовы тэрміны знаходжання ў турме і ў кастрычніку быў пераведзены ў папраўчую калонію г. Магілёва. У Мікалая Статкевіча турэмны тэрмін заканчваецца ў сярэдзіне студзеня 2015 года.
У сакавіку 2015 года з Магілёўскай турмы ў сувязі з заканчэннем тэрміну адбыцця пакарання на волю павінен быў выйсці Мікалай Дзядок, але ў лістападзе стала вядома пра ўзбуджэнне ў дачыненні да яго новай крымінальнай справы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі ранейшыя выпадкі прыцягнення М. Дзядка да дысцыплінарнай адказнасці адміністрацыяй папраўчай установы. Трэба адзначыць, што праваабарончыя арганізацыі выступаюць за адмену дадзенага артыкула Крымінальнага кодэкса, аналагаў якому няма ў заканадаўстве суседніх краін, у сувязі з магчымасцю селектыўнага яго ўжывання адміністрацыямі папраўчых устаноў да няўгодных вязняў і магчымасцямі шырокага яго трактавання. Гэта другі выпадак выкарыстання дадзенага артыкула ў дачыненні да палітвзяняў. У 2012 годзе па гэтым артыкуле да года пазбаўлення волі быў асуджаны Дзмітрый Дашкевіч. Суд над ім адбываўся на тэрыторыі калоніі практычна ў закрытым рэжыме.
Узбуджэнне новай крымінальнай справы ў дачыненні да Мікалая Дзядка напярэдадні вызвалення яскрава прадэманстравала палітычную матывацыю ягонага пераследу. Рашэнне аб працягненні тэрміну зняволення палітвязня, відавочна, прымалася ўладамі з улікам прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.
Моцны рэзананс атрымала затрыманне прадстаўнікамі КДБ журналіста і аглядальніка тыднёвіка “Белорусы и рынак” Аляксандра Алесіна. Ён быў затрыманы ў адной з кавярняў Мінска 25 лістапада падчас сустрэчы і нібыта перадачы матэрыялаў, якія складаюць дзяржаўную таямніцу прадстаўніку адной з амбасадаў краіны ЕС у Беларусі. А. Алесін быў затрыманы па падазрэнні ва ўчыненні злачынства па арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада Радзіме) і змешчаны ў СІЗА КДБ у г. Мінску. Пры гэтым сам КДБ на працягу тэрміну знаходжання А.Алесіна ў СІЗА ніяк не каментаваў затрыманне і не прадастаўляў інфармацыю аб месцы знаходжання і працэсуальным статусе журналіста. Аляксандр Алесін спецыялізуецца на тэме вайсковага супрацоўніцтва Беларусі, у тым ліку з Расійскай Федэрацыяй. Усе ягоныя матэрыялы грунтуюцца выключна на адкрытых крыніцах і размяшчаюцца для публічнага доступу на старонках газеты “Белорусы и рынак”, а таксама на сайтах незалежнага інфармацыйнага агенства “БелаПАН”. У выніку розгаласу і хуткай рэакцыі журналісцкай і праваабарончай супольнасці як у Беларусі, так і па-за яе межамі, Аляксандр Алесін быў вызвалены з-пад варты 10 снежня, а абвінавачанне ў дачыненні да яго было перакваліфікавана з арт. 356 на арт. 356.1 (устанаўленне супрацоўніцтва з органамі замежнай выведкі без прыкмет здрады Радзіме). Дадзены артыкул прадугледжвае максімальную санкцыю ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі і таму, згодна з нормамі Крымінальна працэсуальнага кодэкса, не прадугледжвае меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. А. Алесіна быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Следства па дадзенай справе да канца года не было завершана, але, на думку праваабаронцаў, справа мае сумнеўную далейшую перспектыву.
З 22 снежня гомельскі грамадскі актывіст Юрый Рубцоў пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. 6 кастрычніка ён быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска па арт. 391 Крымінальнага кодэкса (знявага суддзі ці народнага засядацеля) на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытыга тыпу. Крымінальны пераслед Юрыя Рубцова звязаны з ягоным адвольным затрыманнем 28 красавіка 2014 года падчас санкцыянаванага мірнага сходу “Чарнобыльскі шлях” за майку з надпісам “Лукашенко, уходи!” і асуджэннем на 25 сутак адміністрацыйнага арышту суддзёй суда Савецкага раёна Мінска Кірылам Палулехам. Згодна з прад’яўленым Юрыю Рубцову абвінавачваннем, падчас судовага разбіральніцтва ён дапусціў абразлівыя выказванні ў адрас суддзі Кірыла Полулеха. У суд Юры Рубцоў быў дастаўлены аголены па пояс, у выглядзе, які абражаў ягоную чалавечую годнасць, а суддзя пры гэтым не прыняў ніякіх мер, скіраваных на абарону ягоных правоў, а таксама не адрэагаваў на ягоныя просьбы выдаць яму акуляры для азнаямлення з матэрыяламі справы. Дзеянні суддзі відавочна супярэчылі Кодэксу Рэспублікі Беларусь “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў”, а таксама Кодэксу гонару суддзі Рэспублікі Беларусь. У сувязі з грубым парушэннем сваіх правоў Юрый Рубцоў выказаў незадаволеннасць і пратэст, назваўшы падобныя судовыя працэсы “судзілішчам”, а суддзяў, які выносяць незаконныя судовыя рашэнні, “падонкамі”. Дадзеныя словы былі інтэрпрэтаваныя як выказванні, скіраваныя персанальна ў адрас суддзі К. Палулеха, пры гэтым заўвагі Юрыя Рубцова да пратакола судовага паседжання, накіраваныя ім у суд, былі адхіленыя гэтым жа суддзёй, як неабгрунтаваныя. У аснову вынесенага прысуду былі пакладзены выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі (у тым ліку тых, якія “сведчылі” на працэсе 28 красавіка), сакратара судовага паседжання і самога суддзі К. Палулеха. Ні падчас папярэднягя следства, ні падчас судовага разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы не быў дапытаны як сведка адвакат Юрыя Рубцова, якія ўдзельнічаў падчас разгляду справы 28 красавіка ў якасці ягонага абаронцы. Ніякіх працэсуальных перашкодаў да допыту адваката ў якасці сведкі згодна з дзеючым Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не было.
Выпадак з Юрыем Рубцовым яскрава падкрэсліў праблему адвольных затрыманняў. На працягу 2014 года ўлады актыўна выкарыстоўвалі такі від рэпрэсій у дачыненні да грамадска-палітычных актывістаў. Асабліва паказальным стала кампанія адвольных затрыманняў напярэдадні Чэмпіяната свету па хакеі. Усяго, па дадзеных Праваабарончага цэнтра “Вясна”, адвольным затрыманням і арыштам было подвергнута 38 грамадска-палітычных актывістаў. Характерна, што большасць з іх затрымліваліся міліцыяй па месцы жыхарства (дома ці на вуліцы) і абвінавачваліся адразу па двух артыкулах КаАП –17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі). Гэта дазваляла ізаляваць іх на значныя тэрміны – да 25 сутак.
Напярэдані Чэмпіянату свету адвольным затрыманням і арыштам былі падвергнуты і іншыя катэгорыі грамадзян – гэтак званыя «асацыяльныя элементы» (асобы з алкагольнай залежнасцю, без пэўнага месца жыхарства, прастытуткі). Мінскія ўлады яшчэ да пачатку Чэмпіянату адкрыта заяўлялі ў СМІ аб намерах правядзення кампаніі па “ачыстцы” вуліц горада. Агульная колькасць асоб, ізаляваных у гэты перыяд ў ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый), ЦІП (цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў) і іншыя месцы прымусовага ўтрымання, невядомая, аднак, па сведчаннях асоб, якія адбывалі адміністрацыйныя арышты ў гэты перыяд часу, ЦІП г. Мінска быў перапоўнены арыштаванымі, і іх прыходзілася вывозіць ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) г. Жодзіна.
Адвольныя затрыманні набылі сістэматычны характар і выкарыстоўваюцца ў якасці рэпрэісй і ціску на грамадзян, якія выяўляюць грамадска-палітычную актыўнасць. Паказальным прыкладам з’яўляецца сітуацыя з Паўлам Вінаградавым. Ён быў асуджаны за “масавыя беспарадкі” 19 снежня 2010 на пл. Незалежнасці ў Мінску і вызвалены ў жніўні 2011 года паводле працэдуры памілавання, дагэтуль знаходзіцца пад прывентыўным наглядам, устаноўленым у дачыненні да яго судом. Павел Вінаградаў рэгулярна на працягу года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці напярэдадні значынх грамадскіх падзей. Нагодай для пераследу заўсёды з’яўлілся аднатыпныя пратаколы аб нібыта “нецэнзунай лаянцы” ў грамадскіх месцах, непадпарадкаванні патрабаанням супрацоўнікаў міліцыі. Сведкамі на судах выступалі выключна супрацоўнікі міліцыі, і выключна іх паказанні клаліся ў аснову судовых пастаноў. Агулам Павел Вінаградаў правёў у месцах прымусовага ўтрымання каля двух месяцаў. У снежні ён быў вымушаны з\’ехаць ў г. Беразіно, дзе пражывае ягоны бацька, у адваротным выпадку супрацоўнікі міліцыі пагражалі яму накіраваннем у ЛТП.
Усяго за 2014 год Праваабарончым цэнтрам “Вясна” былі зафіксаваны 253 факты адміністрацыйных затрыманняў (172 у 2013 г.), 162 справы былі разгледжаныя судамі (111 судовых працэсаў у 2013 г.), у 104 выпадках быў вынесены адміністрацыйны арышт (усяго арыштам было падвергнута 88 чалавек, некаторыя — два і болей разоў, у 2013 г. — 59 чалавек), 57 аштрафаваны (52 чалавекі ў 2013 г.) За парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ) былі прыцягнутыя да адказнасці 53 чалавекі.
Павелічэнне агульнай колькасці адміністрацыйных затрыманняў і арыштаў у 2014 годзе ў параўнанні з 2013 годам можна патлумачыць двума чыннікамі, якія аказалі ўплыў на агульны узровень рэпрэсій: выбары ў мясцовыя Саветы і правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Асобна варта адзначыць выпадкі прыцягнення грамадзян да адказнасці за рэалізацыю права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў. Дзеючы Закон “Аб масавых мерапрыемствах” робіць фактычна немагчымым рэалізацыю на практыцы свабоды мірных сходаў. Нават такія традыцыйныя шэсці апазіцыйных сіл, як “Чарнобыльскі шлях”, “Дзяды”, якія праходзілі з санкцыі Мінгарвынкама, заканчваліся затрыманнямі і прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў і арганізатараў. Так, арганізатар шэсцяў у месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі тройчы быў падвергнуты штрафам па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі гэтых шэсцяў. Пры гэтым акцыі прайшлі ў поўнай адпаведнасці з дазволам Мінгарвыканкама і не суправаджаліся парушэннямі грамадскага парадку. У віну Юрыю Беленькаму ставілася тое, што ён не ўзгадніў з міліцыяй меры па забеспячэнні грамадскага парадку падчас правядзеня масавых мерапрыемстваў. Разам з тым, забеспячэнне грамадскага парадку падчас правядзення мірных сходаў і саміх дэманстрантаў з’яўляецца выключнай прерыгатывай органаў міліцыі. Яшчэ абсурдней выглядалі выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў фотасесій. Так, у Віцебску пасля размяшчэння фотаздымкаў у інтэрнэце 7 удзельнікаў былі абвінавачаны ў правядзенні несанкцыянаванага пікета і пакараны штрафамі і арыштам.
ІІІ. Праваабарончая дзейнасць: тэндэнцыі і выклікі
Для праваабарончай супольнасці ў 2014 годзе важнай падзеяй стаў выхад на волю па амністыі старшыні Правабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага. Вызваленне стала вынікам ціску на ўлады Беларусі з боку ЕС, ЗША, міжнародных арганізацый, а таксама небывалай хвалі салідарнасці з боку праваабрончай супольнасці ўсяго свету. У падтрымку Алеся Бяляцкага выказваліся такія сусветна вядомыя дзеячы, як Аун Сан Су Чжы і Вацлаў Гавал, зняволены праваабаронца некалькі разоў вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра і ўваходзіў у шот-ліст, а таксама за тры гады ў зняволенні Алесь стаў лаўрэатам некалькіх прэстыжных міжнародных прэмій. Усе гэтыя абставіны ў сукупнаці, безумоўна, паўплывалі на рашэнне беларускіх уладаў аб вызваленні Алеся Бяляцкага на паўтары гады раней да заканчэння тэрміну ягонага ўвязнення.
У кастрычніку Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, згодна з якім было ўстаноўлена парушэнне Рэспублікай Беларусь ягоных правоў, прадугледжаных арт. 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасць), арт. 14 (права на справядлівае судовае разбіральніцтва) і арт. 22 (свабода асацыяцый) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У рашэнні Камітэту адзначаецца, што пасля таго, як у 2003 годзе Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі, яго заснавальнікі тройчы (у 2007, 2009 гг.) звярталіся ў Міністэртва юстыцыі Рэспублікі Беларусь з заявамі аб рэгістрацыі, але дзяржава тройчы адмовіла ім у гэтым, пазбавіўшы такім чынам магчымасці адчыняць рахункі для прыцягнення фінансавання дзейнасці аб’яднання. Па меркаванні Камітэта, парушэннем свабоды асацыяцый з’яўляюцца адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, прынятыя толькі на падставе таго, што ў пададзеных дакументах меліся нязначныя неадпаведнасці патрабаванням Міністэрства юстыцыі, якія маглі б быць выпраўлены пры прадастаўленні рэгіструючым органам такой магчымасці заснавальнікам. Адмовы ў рэгістрацыі прывялі да забароны дзейнасці арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і стварылі перашкоды ў рэалізацыі яе сябрамі сваіх правоў. Прысуд Алеся Бяляцкага да пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходваннем сродкаў на фінансаванне арганізацыі, якую ён узначальваў, стаў прамым следствам парушэння свабоды асацыяцый. Пры разглядзе справы беларускія суды адверглі доказы таго, што сродкі прызначаліся і выкарыстоўваліся менавіта на ўказаныя мэты, і не разглядалі справу з пункту гледжання гарантый права на свабоду асацыяцый. У гэтых варунках прыцягненне Алеся Бяляцкага да крымінальнай адказнасці Камітэт расцаніў як парушэнне гэтага права.
Дадзенае рашэнне стала важным не толькі для сяброў Праваабарончага цэнтра “Вясна” і самога Алеся Бяляцкага, але і іншых краін свету, дзе ўлады працягваюць практыку працягнення да крымінальнай адказнасці праваабаронцаў, у тым ліку ў сувязі з атрыманнем фінансавання на мэты дзейнасці арганізацый.
У дачыненні да Праваабарончага цэнтра “Вясна” ўлады Беларусі на працягу года ад тактыкі прамых ці ўскосных рэпрэсій, характэрных для 2010-12 гг., перайшлі да поўнага ігнаравання арганізацыі. Усе мерапрыемствы, якія арганізоўваліся ў Беларусі міжнароднымі арганізацымі (ААН, Рада Еўропы і інш. ) з удзелам МЗС і няўрадавых арганізацый, адбываліся без удзелу прадстаўнкіоў Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Не сталі выключэннем і кансультацыі, якія праводзіліся ў межах падрыхтоўкі да працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду, на якія былі запрошаны прадстаўнікоў шэрагу зарэгістраваных арганізацый (БАЖ, БХК, Цэнтр прававой трансфармацыі і інш.). Пры гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу ў Савет па правах чалавека ААН у межах працэдуры УПА, актыўна працуе з іншымі механізмамі ААН.
Былі зафіксаваны кропкавыя індывідуальныя рэпрэсіі ў адносінах да праваабаронцаў. Так, 30 кастрычніка аддзелам па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС г. Мінска было прынятае рашэнне аб ануляванні віда на жыхараства кіраўніка Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend” Алены Танкачовай, а 5 лістапада – аб яе высылцы з Беларусі тэрмінам на тры гады. Нагодай для прыняцца такога рашэння сталі пяць выпадкаў прыцягнення А. Танкачовай да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правіл дарожнага руху (відэафіксацыя перавышэння дазволенай хуткасці руху аўтамабіля, зарэгістраванага на імя праваабаронцы). Пры гэтым Алена Танкачова пражывае ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, мае ў Беларусі нерухомасць, дачку — грамадзянку Рэспублікі Беларусь. Праваабарончая супольнасць Беларусі расцаніла гэтыя дзеянні ўладаў як палітычна матываваныя і звязаныя з актыўнай праваабарончай дзейнасцю Танкачовай.
Уцэлым магчымасці для дзейнасці правабарончых арганізацый у краіне не змяніліся і заставаліся моцна абмежаванымі. Як і раней, атрыманне дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончым арганізацыям было фактычна немагчымым, а дзейнасць незарэгістраваных затавалася крыміналізаванай. Захоўвалася праблема, датычная атрымання ўнутранага і замежнага фінансавання на дзейнасць арганізацый: з 2011 года парушэнне парадку атрымання замежнай бязвыплатнай дапамогі было крыміналізавана.
ІV. Свабода слова
Самай істотнай падзеяй у галіне свабоды слова сталі змены і дапаўненні з Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў у аўральным парадку 17 снежня без публічнага абмеркавання з грамадскацю і журналісцкай супольнасцю. Як сказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч, прадстаўялючы змены ў закон, “у гадзіну “ч” усе павінны працаваць на дзяржаву, не супраць яе”.
Згодна з прынятымі зменамі, дзеянне закона аб СМІ распаўсюджана на ўсе інтэрнэт-выданні, за выключэннем патрабаванняў аб абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. Міністэрства інфармацыі атрымала магчымасць блакавання інтэрнэт-сайтаў у пазасудовым парадку. На думку прадстаўнікоў незалежнай журналісцкай супольнасці і праваабаронцаў, новыя палажэнні закона ствараюць магчымасць татальнай цэнзуры інтэрнэт-прасторы.
Яшчэ ад пачатку дзеяння заканадаўчых новаўвядзенняў (з 1 студзеня 2015 года), пачынаючы з 19 снежня, цэлы шэраг незалежных інтэрнэт-выданняў быў заблакаваны для доступа карыстальнікаў у Беларусі. Сярод такіх сайтаў аказаліся belapan.com, belepen.by, naviny.by, belaruspartisan.org, charter97.org, udf.by, gazeta.by, zautra.by. Пры гэтым дзяржаўныя органы адмаўлялі сваю датычнасць да блакавання.
Яшчэ адзін са шляхоў барацьбы з распаўсюдам непажаданай інфармацыі агучыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падчас нарады, прысвечанай узмацненню барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў. Ён адзначыў, што лічыць неабходным цалкам забараніць доступ да ўсіх сайтаў, якія знаходзяцца ў спісе абмежаванага доступу. Пры гэтым у спісе абмежаванага доступу акрамя сайтаў, якія займаюцца продажам наркатычныз сродкаў і распаўюджваюць парнаграфію, знаходзяцца шэраг незалежных сайтаў, у тым ліку charter97.org, belaruspartisan.org, spring96.org і інш. Сайт Праваабарончага цэнтра “Вясна” spring96.org быў унесены ў спіс абмежаванага доступу па рашэнні Генеральнай пракуратуры ў жніўні 2011 г. у сувязі “з прапагандай дзейнасці, забароненай заканадаўствам”, што, на думку Генпракуратуры, выражаецца ў размяшчэнні інфармацыі аб дзейнасці Праваабарончага цэнтру “Вясна”, які не прайшоў абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. Праваабаронцы спрабавалі абскардзіць дадзенае рашэнне Генеральнай пракуратуры ў судовым парадку, але суд Цэнтральнага р-на г. Мінска спыніў вытворчасць па справе, аргументаваўшы яе непадведамаснасцю суду.
Адной з выразных негатыўных тэндэнцый года стаў маштабны пераслед незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Пры гэтым улады неаднаразова адмаўлялі ў акрэдытацыі сродкам масавай інфармацыі, за супрацоўніцтва з якімі вынесена найбольш спагнанняў: «Беларускаму Радыё Рацыя» і сатэлітнаму тэлеканалу «Белсат». Найбольш шырока выкарыстоўваліся наступныя формы ціску і пераследу журналістаў: афіцыйныя пракурорскія папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб СМІ і адміністрацыйная адказнасці за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.
Наступ на свабоду слова і незалежныя СМІ, у тым ліку на інтэрнэт-сайты, па меркаванні журналісцкай і праваабарончай супольнасці, звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі, якія павінны адбыцца ў 2015 годзе.
V. Праблема смяротнага пакарання
На працягу 2014 года ў Беларусі былі прыведзены ў выкананне тры смяротныя прысуды ў дачыненні да асуджаных Рыгора Юзэпчука, Аляксандра Грунова і Паўла Селюна. Яшчэ адзін асуджаны да смяротнага пакарання — Эдуард Лыкаў да канца года знаходзіўся ў камеры смяротнікаў СІЗА МУС № 1 г. Мінска ў чаканні вынікаў разгляду ягонага прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта Рэспублікі Бепарусь.
Вялікую занепакоенасць выклікае той факт, што смяротныя прысуды ў дачыненні да Паўла Селюна і Аляксандра Грунова былі прыведзеныя ў выкананне пасля рэгістрацыі індывідуальных зваротаў асуджаных у КПЧ ААН і пачатку працэдуры № 92, пра што пісьмова быў праінфармаваны ўрад Беларусі. За апошнія гады ўсяго налічваецца 6 выпадкаў прывядзення прысудаў у выкананне насуперак працэдурам КПЧ ААН (В. Кавалёў, А. Жук, В. Юзэпчук, А. Бурдыка, А. Грышкавец, П. Сялюн, А. Груноў). Дадзеная практыка сведчыць аб грубым ігнараванні Рэспублікай Беларусь узятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. 1 снежня КПЧ ААН выказаў сур’ёзную заклапочанасць тым, што Рэспубліка Беларусь прывяла ў выкананне смяротны прысуд ў дачыненні да асобы, скарга якога знаходзілася на разглядзе Камітэта (выкананне смяротнага прысуду А. Грунова): “Пазіцыя Камітэта пра правах чалавека адносна нездавальнення просьбы Камітэта аб прыняцці часовых мер абароны дзеля пазбягання непапраўнай шкоды застаецца нязменнай”, заявіў сэр Найджэл Родлі, старшыня Камітэта. Ён падкрэсліў, што Беларусь не першы раз прыводзіць у выкананне смяротны прысуд у дачыненні да заяўнікаў, чые зарэгістраваныя справы знаходзяцца на стадыі разгляду. “Гэта ўяўляе сабой сур’ёзнае парушэнне Беларуссю сваіх міжнародна-прававых абавязацельстваў”, — адзначыў сэр Найджэл.
Варта дадаць, што ў двух выпадках па індывідуальных зваротах пакараных смерцю на момант разгляду зваротаў КПЧ ААН было ўстаноўлена парушэнне Рэспублікай Беларусь арт. 6 МПГПП – права на жыццё.
Нязменнай крытыцы з боку беларускіх праваабаронцаў падвяргалася і сама працэдура прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў. У прыватнасці, нявыдача цела пакаранага і неўказанне месца яго пахавання блізкім. Такія працэдуры неаднаразова прызнаваліся КПЧ ААН жорсткім і безчалавечным абыходжаннем адносна родных пакараных смерцю.
Неднаразова сваякі пакараных інцыявалі змяненне дадзеных палажэнняў Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, але ўсе гэтыя спробы былі безвыніковымі. Вельмі сваеасабліва ўладамі Беларусі былі інтэрпрэтаваны просьбы сваякоў пакараных смерцю аб выдачы іх асабістых рэчаў. На працягу 2014 года было зафіксавана два выпкадкі, калі родным пакараных — Паўла Селюна і Аляксандра Грунова — адміністрацыяй СІЗА №1 былі дасланы турэмныя робы з надпісам ИМН (исключительная мера наказания). Менавіта ў такіх робах знаходзяцца прыгавораныя да смяротнага пакарання ў СІЗА у чаканні прывядзення прысуду ў выкананне. Такога кшталту дзеянні дастаўляюць дадатковыя пакуты сваякам расстраляных і таксама з’яўляюц