Мікалай Статкевіч пераведзены з каранціна ў атрад
На гэтым тыдні Мікалай Статкевіч, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, палітвязень, пераведзены з каранціна шклоўскай калоніі №17 у атрад.
Аб гэтым паведаміла яго жонка, Марына Адамовіч:
– Мікалай патэлефанаваў, паведаміў, што на гэтым тыдні быў пераведзены з каранціна ў атрад №1, – “прыдворны”, як ён сказаў, бо атрад месціцца ў тым жа будынку, што і штаб. Адпаведна, ён дастаткова адасоблены ад іншых атрадаў у калоніі. Гэта зроблена, мяркую, адмыслова, каб як мага больш ізаляваць Мікалая ад іншых зняволеных. Бо яшчэ ў каранціне яму абмяжоўвалі мажлівасць кантактаў, выпускалі толькі ў сталовую ды на праверкі, хаця, па першым прыездзе сюды, яму можна было яшчэ гуляць па лакальнаму ўчастку каранціна. Сам Мікалай жартуе, што тады лета было, а зараз холадна, то берагуць яго, мабыць .
Яму катэгарычна адмовілі ў пераводзе ў рабочы атрад, як гэта было раней, 3,5 гады таму, хаця ён прасіў аб гэтым.
Гэты атрад, па яго словах, моцна адрозніваецца ад таго, ранейшага: тут зроблены рэмонт, стаіць новае абсталяванне і сантэхніка, а не “дзірка ў падлозе”, як там, хаця ўсе зняволеныя месцяцца ў адным памяшканні. Таксама, ён заўважыў пэўнае паляпшэнне ў харчаванні, але яно “не дацягвае нават да турэмнага”.
Мікола сказаў, што радуецца любой магчымасці дыхаць свежым паветрам пасля трох гадоў турмы.
Аднак, па ранейшаму, ён знаходзіцца ў інфармацыйнай ізаляцыі: яму не далі магчымасці падпісацца на газеты. На студзень ў турме адмовілі ў сувязі з пераводам у калонію, з-за неабходнасці пераадрасацыі. Ужо ў калоніі спачатку сказалі, што можна падпісаць з “волі”, як і раней там было. Але, перад самым тэлефанаваннем дахаты, сказалі, што падпісацца можна толькі на месцы і толькі раз у квартал. Адразу пасля званку ізноў апынулася, што падпісаць яго магу і я. Але час ужо сыйшоў… Таму і ў лютым Мікалай не зможа атрымліваць газет. Газету ж “Новы чвс”, падпіска на якую аформленая праз рэдакцыю, і якую яму дасылаюць рэгулярна ўжо па новым адрасе, Мікалаю так ні разу і не аддалі.
У мяне адчуванне, што час тут спыніўся, і , насуперак логіцы і плыні жыцця, мы ізноў увайшлі ў тую ж раку, – зазначыла жонка палітвязня.