Да Мікалая Статкевіча зноў не даходзяць лісты
Мікалай Статкевіч не атрымаў большасць лістоў ад сваёй жонкі, адпраўленых у апошні час. Пра гэта нашаму радыё паведаміла жонка палітычнага вязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты,Марына Адамовіч.
Пра гэтыя праблемы сведчыць апошні ліст Статкевіча са Шклоўскай калоніі №17, дзе палітык працягвае адбываць сваё пакаранне – 6 гадоў зняволення:
– Ліст датаваны 1 лютым, у якім ён сведчыць пра тое, што на працягу апошніх двух тыдняў не атрымаў ніводнага майго ліста. Што гэта такое? Ці гэта пачаліся старыя гульні? Я нагадаю, што ў 2011 годзе, калі Мікалай там знаходзіўся ў першы раз, на працягу чатырох месяцаў я не атрымала ад яго ніводнага ліста.
Таксама Мікалай Статкевіч у сваім лісце звяртае ўвагу на асаблівасці падбору агульнай інфармацыі ў калоніі. У атрадзе Стакевіча маецца тэлевізар, які дазваляецца глядзець раніцай і ўвечары, а па выходных цэлы дзень.
„Але ёсць графік рэкамендаваных тэлеканалаў для кожнага часу дня. У прайм-тайм рэкамендуюць глядзець расейскія РТР і НТВ. Цікава, патрыётаў якой дзяржавы тут выхоўваюць?”, – піша Статкевіч у сваім лісце да жонкі.